§ 15. Беларусь у геапалітычных умовах міжваеннага перыяду

3. Заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы. Палітыка польскіх уладаў

Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора да Польшчы адышлі Гродзенская губерня, Навагрудскі, Пінскі, частка Слуцкага, Мазырскага і Мінскага паветаў Мінскай губерні, Лідскі, Ашмянскі, Дзісненскі паветы Віленскай губерні. Агульная плошча тэрыторыі складала больш за 110 тыс. км2. У 1931 г. на ёй пражывала 4,6 млн чалавек. Беларусы складалі 65 %, палякі — ​15 %, яўрэі — ​11 %, украінцы — ​4 %, літоўцы — ​2,5 %, рускія — ​2 %. У сельскай мясцовасці пражывала 85 % насельніцтва. У 1920–1921 гг. у Заходняй Беларусі было ўведзена прынятае ў Польшчы адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне. Былі ўтвораны 4 ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Віленскае і Беластоцкае. Ваяводствы дзяліліся на паветы і гміны. Польская адміністрацыя абапіралася на шырокую сетку паліцэйскіх участкаў. Улады разглядалі ­заходнебеларускія землі як спрадвечна польскія. Этнакультурную своеасаблівасць мясцовага насельніцтва яны лічылі вынікам русіфікацыі. У польскіх дзяржаўных дакументах назва «Заходняя Беларусь» не выкарыстоўвалася. Польскія ўлады называлі Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну «ўсходнія ўскраіны» («крэсы ўсходне»).

Пры заключэнні Рыжскага дагавора палякі гарантавалі нацыянальным меншасцям права на развіццё ўласных мовы і культуры.

Аднак у дачыненні да беларусаў польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі.

У 1926 г. у Польшчы ўсталяваўся аўтарытарны рэжым Ю. Пілсудскага, які атрымаў назву «санацыя» (аздараўленне). У краіне стала ўсталёўвацца ваенная дыктатура з некаторымі рысамі дэмакратычнага ладу — ​захоўваліся парламент, шматпартыйнасць, легальная апазіцыя. У той жа час нацыянальны прыгнёт значна ўзмацніўся.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі шырока практыкаваўся паліцэйскі тэрор. Звычайнай з’явай былі карныя аперацыі, якія называліся пацыфікацыямі (заспакаенне). Пры правядзенні такіх аперацый паліцэйскія спустошвалі дамы сялян, знішчалі іх маёмасць і г. д. Важнае месца ў рэпрэсіўнай палітыцы польскіх улад займала тайная палітычная паліцыя — ​дэфензіва.

Значную ролю ў кіраванні краем польскія ўлады адводзілі асаднікам. Яны былі добра арганізаваныя, узброеныя і выконвалі паліцэйскія функцыі ў адносінах да мясцовага насельніцтва, удзельнічалі ў барацьбе з партызанамі.

У 1930-я гг. палітыка польскіх улад, накіраваная на апалячванне насельніцтва Заходняй Беларусі, стала больш аўтарытарнай і агрэсіўнай. У дачыненні да ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху арганізоўваліся масавыя судовыя і палітычныя працэсы. На тэрыторыі Заходняй Беларусі было адкрыта 19 турмаў, а ў 1934 г. стаў дзейнічаць канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай.

З 1934 па 1939 г. у ім утрымліваліся па абвінавачанні ў «антыдзяржаўнай дзейнасці» праціўнікі рэжыму «санацыі»: камуністы, дзеячы яўрэйскага, украінскага, беларускага нацыянальных рухаў. Па захаваных звестках, за час функцыянавання лагера ў Бярозе-Картузскай праз яго прайшлі больш за 3 тыс. чалавек. У рэальнасці агульная колькасць зняволеных магла дасягаць 10 тыс.

Галоўнай задачай лагера было не столькі фізічнае знішчэнне зняволеных, колькі іх маральнае знішчэнне. У ахову лагера адбіралі супрацоўнікаў, якія адрозніваліся садысцкімі схільнасцямі. Таму пабоі і здзекі з вязняў былі ў лагеры звычайнай з’явай. Былыя вязні лагера ўспаміналі, што ўмовы ўтрымання былі жахлівымі. Падлога ў бараках была бетонная, яе палівалі вадой, каб зняволеныя не маглі сядзець. Нараў, сталоў і крэслаў не было. Прымянялася бессэнсоўная знясільваючая праца (перанос камянёў з месца на месца, выкопванне і закопванне ямы), за ўхіленне ад работы належала некалькі дзясяткаў удараў дубінкамі па спіне альбо кулаком у твар. Зняволеных прымушалі гадзінамі поўзаць на каленях па вострым жвіры.