§ 15. Беларусь у геапалітычных умовах міжваеннага перыяду
2. Узбуйненне тэрыторыі БССР у 1924 і 1926 гг.
Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора БССР налічвала 6 паветаў Мінскай губерні. Тэрыторыя Беларусі складала 52,3 тыс. км2, на ёй пражывала каля 1,6 млн чалавек. Паўнацэннае развіццё беларускай нацыі пры такім становішчы было немагчымым.
У верасні 1922 г. афіцыйны Мінск папрасіў ЦК РКП(б) вярнуць рэспубліцы Віцебскую губерню, частку Смаленскай і створаную ў 1919 г. (замест Магілёўскай) Гомельскую губерню, дзе пераважала беларускае насельніцтва.
Пасля ўтварэння СССР (30 снежня 1922 г.) пытанне аб вяртанні беларускіх зямель разглядалася ўжо ва ўмовах знаходжання БССР у складзе саюзнай дзяржавы. 3 сакавіка 1924 г. Прэзідыум ЦВК СССР прыняў пастанову «Аб перадачы БССР раёнаў з пераважна беларускім насельніцтвам». Да БССР перайшлі 16 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. Тэрыторыя рэспублікі павялічылася больш чым у два разы і склала 110,5 тыс. км2, на ёй пражывала 4,2 млн чалавек.
Узбуйненне тэрыторыі рэспублікі ў 1924 г. канчаткова не вырашыла пытанне аб межах БССР. У жніўні 1926 г. кіраўніцтва Беларусі звярнулася ў ЦК ВКП(б) з просьбай вярнуць Гомельскую і тры паветы Пскоўскай губерні (Веліжскі, Невельскі, Себежскі). 6 снежня Прэзідыум ЦВК СССР скасаваў Гомельскую губерню і далучыў Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР. 8 снежня 1926 г. Прэзідыум ЦВК БССР уключыў названыя паветы ў склад рэспублікі. У выніку другога ўзбуйнення БССР у пачатку 1927 г. тэрыторыя рэспублікі складала 125,6 тыс. км2. На ёй пражывала каля 5 млн чалавек, 80 % якіх складалі беларусы. Тэрытарыяльныя змены 1924 і 1926 гг. былі замацаваны ў Канстытуцыі БССР 1927 г.
Узбуйненне тэрыторыі БССР узмацніла эканамічную базу, стварыла больш спрыяльныя ўмовы для далейшага гаспадарчага і сацыяльна-культурнага развіцця рэспублікі, садзейнічала кансалідацыі беларускай нацыі.