§ 14–1. Становішча Беларусі ў час польска-савецкай вайны

3. Рыжскі мірны дагавор і яго наступствы для Беларусі

12 кастрычніка 1920 г. было заключана часовае перамір'е паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Па ўмовах перамір'я ваенныя дзеянні на Заходнім фронце павінны былі спыніцца 18 кастрычніка, аднак польскія войскі працягвалі наступленне і 15 кастрычніка захапілі Мінск. Але 17 кастрычніка палякі пакінулі горад. Згодна з умовамі перамір'я сталіца Беларусі заставалася за савецкім бокам.

18 сакавіка 1921 г. у Рызе без удзелу беларускай дэлегацыі быў падпісаны мірны дагавор. Ён усталяваў межы паміж РСФСР, УССР, БССР і Польшчай. Прызнанне Польшчай незалежнасці Беларусі азначала, што Польшча стала першай заходняй дзяржавай, якая юрыдычна прызнала ССРБ і пацвердзіла гатоўнасць наладзіць з ёю дыпламатычныя адносіны.

Беларусь была падзелена на тры часткі. Польшча акупіравала заходнюю частку тэрыторыі Беларусі агульнай плошчай больш за 110 тыс. км2 з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек. У склад ССРБ увайшлі шэсць паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам каля 1,6 млн чалавек. Віцебская, Гомельская губерні і заходнія раёны Смаленшчыны заставаліся ў складзе РСФСР. Рыжскі мірны дагавор стаў нацыянальнай трагедыяй для беларусаў, амаль 20 гадоў заходнія рэгіёны Беларусі знаходзіліся ў складзе Польшчы.