§ 14–1. Становішча Беларусі ў час польска-савецкай вайны

2. Становішча на акупаванай тэрыторыі Беларусі

На захопленай тэрыторыі быў усталяваны жорсткі акупацыйны рэжым. Польскія ўлады ліквідавалі савецкія органы кіравання і адмянілі дэкрэты савецкай улады, вярнулі канфіскаваную бальшавікамі зямлю польскім памешчыкам, праводзілі рэквізіцыі. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху апынуліся ў польскіх турмах.

Палітыка польскіх улад выклікала супраціўленне, якое ўзначалілі беларускія эсэры і бальшавікі. Пад іх кіраўніцтвам арганізоўваліся партызанскія атрады. У снежні 1919 г. паміж бальшавікамі і эсэрамі было заключана пагадненне аб стварэнні адзінага фронту барацьбы. Да гэтага пагаднення далучыліся і іншыя нацыянальна-дэмакратычныя партыі, у тым ліку Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У. Ігнатоўскім. Стварэнне адзінага антыпольскага фронту барацьбы прывяло да станоўчых вынікаў.

Рада БНР, якая раней дзейнічала ва ўмовах нямецкай акупацыі, звярнулася да польскага ўрада з просьбай аб перадачы ёй улады на захопленых палякамі беларускіх землях. Аднак у планы Ю. Пілсудскага прызнанне незалежнасці БНР не ўваходзіла. Ён прапанаваў заключыць унію Польшчы і Беларусі. Гэта вы­клікала ідэйны раскол у кіраўніцтве Рады БНР на прыхільнікаў і праціўнікаў саюза з Польшчай.