§ 14. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны
7. Вынікі Брэсцкага міру для Беларусі
9 снежня 1917 г. у Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перамовы паміж Савецкай Расіяй і Германіяй. Расійскі бок, разлічваючы на сацыялістычную рэвалюцыю ў Германіі, імкнуўся зацягнуць перамовы. У гэтых умовах 18 лютага 1918 г. германскія войскі аднавілі наступленне па ўсёй лініі фронту.
Не маючы моцы спыніць германскае наступленне, савецкае кіраўніцтва вымушана было 3 сакавіка 1918 г. заключыць у Брэст-Літоўску мірны дагавор на ўмовах Германіі. Паводле дагавора тэрыторыя Беларусі падзялялася на некалькі частак. Землі на захад ад лініі Дзвінск — Ліда — Пружаны — Брэст-Літоўск адыходзілі Германіі. Частка Беларусі на поўдзень ад Палескай чыгункі перадавалася Украінскай Народнай Рэспубліцы. Астатнія землі разглядаліся як тэрыторыя Савецкай Расіі. Беларусь не атрымала нічога на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Расія і Германія ўзаемна адмовіліся кампенсаваць страты, нанесеныя вайной. Пры заключэнні міру інтарэсы Беларусі ні адным з удзельнікаў перамоў не ўлічваліся. Аднак трэба заўважыць, што бальшавікі разглядалі Брэсцкі мір як часовую, тактычную меру і таму пагадзіліся на нявыгадныя ўмовы. Такі падыход аказаўся правільным. Пасля паражэння Германіі ў Першай сусветнай вайне ў лістападзе 1918 г. і вываду германскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі Брэсцкі мір быў ануляваны рашэннем УЦВК.