§ 14. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны

5. Палітыка акупацыйных улад

Восенню 1915 г. на занятых германскімі войскамі землях (у тым ліку беларускіх) было створана ваенна-адміністрацыйнае ўтварэнне Ober Ost, якое падзялялася на тры акругі. Яго ўзначаліў шэф Генеральнага штаба Эрых фон Людендорф.

На акупаванай германскімі войскамі тэрыторыі заходняй Беларусі былі створаны органы акупацыйнага кіравання. У гарады і паветы прызначаліся начальнікі (бургамістры).

Немцы разглядалі тэрыторыю Беларусі як крыніцу сыравіны і таннай рабочай сілы. У Германію вывозіліся працаздольнае насельніцтва, абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчыя прадукты, жывёлы, прыродныя рэсурсы. У прыватнасці, з Белавежскай пушчы ў Германію было вывезена 4,5 млн кубаметраў драўніны каштоўных парод.

Уводзіліся новыя падаткі, усё працаздольнае насельніцтва павінна было плаціць падушны падатак, спаганяліся падаткі на жывёл, ускосныя падаткі. Звычайнай з'явай у вёсцы былі рэквізіцыі жывёл і прадуктаў харчавання на патрэбы германскай арміі.