§ 14. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны

3. Акупацыя германскімі войскамі заходняй часткі Беларусі

1 жніўня 1914 г. Расійская імперыя ўступіла ў Першую сусветную вайну, у якую былі ўцягнуты 38 краін з насельніцтвам 1,5 млрд чалавек. У першыя дні вайны ў Беларусі было аб’яўлена ваеннае становішча. Забараняліся забастоўкі, вулічныя шэсці, маніфестацыі. Уводзіліся жорсткі паліцэйскі рэжым і цэнзура. Царскі ўрад, праваслаўнае духавенства, ліберальныя і манархічныя партыі разгарнулі масавую ідэалагічную кампанію ў абарону Айчыны. У Мінску, Магілёве, Віцебску, Вільні, Гродне і іншых буйны́х цэнтрах прайшлі дэманстрацыі ў падтрымку вайны.

У палітычную кампанію «абароны Айчыны» ўключыліся і левыя палітычныя партыі — ​эсэры, меншавікі, Бунд. Буржуазія і памешчыкі, частка інтэлігенцыі Беларусі выразілі самую рашучую падтрымку палітыцы царызму. З усіх партый толькі бальшавікі адмовіліся падтрымаць расійскі ўрад у вайне. Яны назвалі вайну злачыннай і заклікалі да пераўтварэння «вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую за сацыялізм».

Насельніцтва Беларусі паставілася да вайны як да страшнага бедства. У Беларусі масавая мабілізацыя мужчын у войска была сустрэта сялянскімі хваляваннямі і рабочымі забастоўкамі.

У першыя месяцы вайны расійская армія вяла даволі паспяховыя дзеянні супраць германскіх войскаў. Але ў пачатку 1915 г. асноўныя ваенныя сілы Германіі былі кінуты супраць Расіі, і пачалося іх імклівае наступленне ў напрамку Коўна — ​Вільня — ​Мінск.

З лета 1915 г. тэрыторыя Беларусі становіцца арэнай жорсткіх і цяжкіх баёў. 31 жніўня германская армія захапіла Свянцяны і Вілейку, у верасні — Вільню, Гродна, Брэст, Ліду, Навагрудак, Баранавічы. Расійская армія вымушана была адступіць.

Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў жніўні 1915 г. была пераведзеная з Баранавічаў у Магілёў. У верасні германскія войскі прарвалі лінію фронту ў раёне Свянцян. У ходзе наступлення паўстала пагроза акупацыі Смаргоні і Смалявіч. Толькі ў кастрычніку коштам вялікіх намаганняў расійскім войскам удалося ліквідаваць «Свянцянскі прарыў» і адкінуць ворага ў раён азёр Свір і Нарач. Фронт ваенных дзеянняў стабілізаваўся па лініі Дзвінск — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск.

У 1916 г. на тэрыторыі Беларусі расійскае камандаванне распачало спробу перайсці ў наступленне. 18 сакавіка 1916 г. пачалася Нарачанская аперацыя з мэтай адцягнуць сілы праціўніка з Заходняга фронту і дапамагчы саюзнікам па Антанты. Наступленне развіцця не атрымала і ў канцы сакавіка было спынена. Страты расійскай арміі былі велізарныя, загінула каля 100 тыс. салдат і афіцэраў. Аднак бітва пад Нараччу скавала германскія войскі на Усходнім фронце, і Германія была вымушана спыніць наступленне пад Вердэнам.

У чэрвені-ліпені 1916 г. расійскае камандаванне правяло Баранавіцкую наступальную аперацыю з мэтай прарыву германскага фронту і аказання падтрымкі буйному наступу Паўднёва-Заходняга фронту супраць аўстра-венгерскай арміі. Аперацыя скончылася поўным правалам. Ні адна з задач аперацыі не была выкананая. Расійскае войска страціла забітымі і параненымі каля 80 тысяч чалавек. Вялізныя страты пры адсутнасці вынікаў падарвалі маральны дух расійскіх войскаў, у якіх узмацніліся антываенныя і рэвалюцыйныя настроі.