§ 7–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 1990‑х гг.
5. Узмацненне інстытута прэзідэнцкай улады
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Інстытут прэзідэнцкай улады ўзмацніўся. Цяпер прэзідэнт не з’яўляецца проста кіраўніком выканаўчай галіны ўлады, яго паўнамоцтвы вынесеныя ў асобны раздзел Канстытуцыі. Ён з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, лічыцца гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады. У Канстытуцыі прадугледжаны ўдзел прэзідэнта ў ажыццяўленні заканадаўства. Ён атрымаў права заканадаўчай ініцыятывы, што азначае права прэзідэнта выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў і з’яўляюцца абавязковымі для выканання на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Прэзідэнт займае асаблівае месца ў сістэме падзелу ўладаў: у арганізацыйным дачыненні ён не ўключаны ні ў адну з галін улады. Прэзідэнт выступае арбітрам паміж рознымі палітычнымі сіламі.