§ 7–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1990‑х гг.

4. Змены ў структуры органаў дзяржаўнай улады

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 г.) Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнічы і заканадаўчы орган улады — ​Парламент — ​Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Ён складаецца з двух палат — ​Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. За парламентам замацаваны функцыі абмеркавання і прыняцця законаў, дзяржаўнага бюджэту, кантроль за выкананнем бюджэту. Законы, прынятыя Парламентам, рэгулююць усе найважнейшыя сферы дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Выбранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца ўсім насельніцтвам рэспублікі, якое валодае выбарчымі правамі і адносіцца да адпаведных выбарчых акруг. Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Яго члены выбіраюцца ад абласцей, г. Мінска, а таксама прызначаюцца Прэзідэнтам.

Выканаўчую ўладу ў нашай краіне ажыццяўляе ўрад — ​Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. У сваёй дзейнасці ён падпарадкаваны Прэзідэнту і падсправаздачны Парламенту. Урад складаецца з прэм’ер-міністра, намеснікаў прэм’ер-міністра і міністраў.

Судовая ўлада належыць судам і ажыццяўляецца незалежна ад заканадаўчай і выканаўчай улады. Судовая сістэма Рэспублікі Беларусь уключае Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваенныя суды. Да гаспадарчых судоў былі аднесены Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь (скасаваны з 1 студзеня 2014 г.), гаспадарчыя суды абласцей і прыраўнаныя да іх суды, гаспадарчыя суды гарадоў і раёнаў. Кантроль за канстытуцыйнасцю прававых актаў у дзяржаве ажыццяўляе Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.