§ 7–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1990‑х гг.

2. Рэспубліканскі рэферэндум 24 лістапада 1996 г. і яго вынікі

Канстытуцыя 1994 г., выбары новага складу Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, рэспубліканскі рэферэндум 1995 г. не змаглі вырашыць супярэчнасці. Лідары апазіцыйных фракцый у парламенце ўступілі ў канфран­тацыю з Прэзідэнтам. Большасць насельніцтва выказвала давер Прэзідэнту. Ступень даверу да Вярхоўнага Савета была нашмат ніжэйшай. Парламент у значнай ступені аказаўся недзеяздольным. Яго рашэнні не ўмацоўвалі сацыяльна-палітычную стабільнасць грамадства, а, наадварот, узмацнялі канфран­тацыю ў краіне.

У такой сітуацыі Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзення рэферэндуму па шэрагу пытанняў грамадска-палітычнага жыцця краіны і па ўнясенні змен у дзеючую Канстытуцыю. У ліпені 1996 г. у друку быў апублікаваны праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са зменамі і дапаўненнямі, якія прапанаваў Прэзідэнт краіны. У праекце значна пашыралася кола паўнамоцтваў Прэзідэнта: ён атрымліваў права назначаць усіх вышэйшых службовых асоб, фарміраваць урад, падпісваць законы і выдаваць дэкрэты, якія маюць моц закону. Таксама Прэзідэнт атрымліваў права распускаць парламент.

У кастрычніку 1996 г. у Мінску прайшоў І Усебеларускі народны сход. Удзельнікі форуму абмеркавалі змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, прапанаваныя Прэзідэнтам.

На ўсенароднае галасаванне — ​рэферэндум — ​былі вынесены чатыры пытанні: аб унясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю; аб увядзенні свабоднай без абмежаванняў куплі-продажы зямель сельскагаспадарчага прызначэння; аб пераносе Дня незалежнасці на 3 ліпеня; аб адмене смяротнага пакарання. У сваю чаргу Вярхоўны Савет прапанаваў свае 3 пытанні: аб праекце новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 г.; аб фінансаванні ўсіх органаў улады толькі з дзяржаўнага бюджэту і галосна; аб прамых выбарах кіраўніцтва мясцовых выканаўчых органаў улады.

Вынікі рэферэндуму 24 лістапада 1996 г. паказалі, што асноўная маса грамадзян Беларусі падтрымала Прэзідэнта па ўсіх пытаннях. Канстытуцыйны крызіс быў вырашаны дэмакратычным шляхам — ​волевыяўленнем народа.

Галоўным вынікам рэферэндуму стала прыняцце новай рэдакцыі Кансты­туцыі. У адпаведнасці з ёй Беларусь станавілася прэзідэнцкай рэспублікай з шырокімі паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы.