§ 1. Уводзіны

5. Нацыянальна-вызваленчыя рухі і дэкаланізацыя

Уплывовай сілай пасля Другой сусветнай вайны стаў нацыянальна-вызваленчы рух народаў Азіі і Афрыкі. У выніку дэкаланізацыі на палітычнай карце свету з’явілася звыш ста незалежных дзяржаў.

Большая частка краін, якія ўзніклі ў выніку дэкаланізацыі, сталі называцца краінамі «трэцяга свету». Першапачаткова гэты тэрмін абазначаў тыя незалежныя дзяржавы, якія не далучыліся ні да заходняга свету на чале з ЗША, ні да сацыялістычнага лагера на чале з СССР. Пазней тэрмін замацаваўся за слабымі па ўзроўні развіцця краінамі і ўжываўся як сінонім паняцця «краіны, якія развіваюцца». Па ўзроўні эканамічнага развіцця такія краіны можна падзяліць на тры групы: слабаразвітыя (Афрыка), сярэднеразвітыя (Азія) і краіны Лацінскай Амерыкі як найбольш «прасунутыя». Варта памятаць, што прынятая класіфікацыя краін, якія развіваюцца, шмат у чым умоўная, бо фармальна да іх адносяцца, напрыклад, такія эканамічныя гіганты, як Кітай і Індыя.

На базе краін, якія развіваюцца, узнік Рух недалучэння. Яго ўдзельнікаў аб’ядноўвалі адмаўленне знешняга дыктату і няўдзел у ваенных блоках. Гэта была спроба ператварыць «трэці свет» у самастойную міжнародную сілу. Аднак Рух недалучэння не стаў такім, у яго шэрагах да гэтага часу няма палітычнага адзінства. Краіны — удзельніцы Руху недалучэння па-рознаму ставяцца да вырашэння адных і тых жа праблем сучаснасці.

Сучаснае становішча многіх краін, якія развіваюцца, характарызуецца эканамічнай адсталасцю і палітычнай нестабільнасцю. Некаторыя з іх з’яўляюцца арэнай лакальных войнаў і канфліктаў.