§ 1. Уводзіны
Ключавая ідэя: гістарычная перыядызацыя з’яўляецца інструментам пазнання гісторыі, які дазваляе ўпарадкаваць гістарычныя факты, больш глыбока асэнсаваць гістарычны працэс і яго заканамернасці.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 1. Уводзіны |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 6 Июль 2025, 00:58 |
Оглавление
- 1. Перыядызацыя сусветнай гісторыі Новага і Навейшага часу
- 2. Мадэрнізацыя грамадства і інтэграцыйныя працэсы ў сусветнай супольнасці
- 3. Навукова-тэхнічны прагрэс і паскарэнне гістарычнага развіцця
- 4. Войны і рэвалюцыі
- 5. Нацыянальна-вызваленчыя рухі і дэкаланізацыя
- 6. Глабальныя праблемы сучаснасці
- Пытанні
- Лабараторыя гісторыка
- Асаблівае меркаванне
1. Перыядызацыя сусветнай гісторыі Новага і Навейшага часу
Новы час — асаблівы перыяд сусветнай гісторыі, які ахоплівае XVI — пачатак ХХ ст. Паняцце «Новы час» з’явілася ў эпоху Адраджэння і сведчыла пра ўзнікненне новай еўрапейскай цывілізацыі. Яе характэрнай рысай было фарміраванне і развіццё буржуазнага грамадства, якое прыйшло на змену феадальнаму. Гэта быў еўропацэнтрысцкі свет, што распаўсюдзіў сваю экспансію, а значыць і каштоўнасці еўрапейскай цывілізацыі, на іншыя краіны. Узвышэнне Еўропы прынесла многім народам Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі каланіяльныя войны, захопы і страту незалежнасці.
Пачаткам Новага часу прынята лічыць эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, а завяршэннем — падзеі Першай сусветнай вайны. У рамках перыяду Новага часу звычайна вылучаюць два этапы, мяжой паміж якімі служаць Французская рэвалюцыя і завяршэнне напалеонаўскіх войнаў у Еўропе.
У перыяд «доўгага XIX ст.» (1789—1918 гг.) пануючае становішча ў свеце займалі імперыі. У выніку Першай сусветнай вайны Германская, Расійская, Аўстра-Венгерская і Асманская імперыі сышлі з палітычнай арэны. У пачатку XIX ст. у большасці краін Заходняй Еўропы адбыўся прамысловы пераварот, які прывёў да стварэння індустрыяльнага грамадства.
Асноўным працэсам Навейшай гісторыі, альбо гісторыі Навейшага часу, з’яўляецца пераход ад індустрыяльнага грамадства да постіндустрыяльнага. Постіндустрыяльнае грамадства — гэта стадыя ў развіцці чалавецтва, пачатак якой прыпаў на апошнюю чвэрць XX ст. Яно стала вынікам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі і характарызуецца развіццём энергазберагаючых тэхналогій, стварэннем высокатэхналагічных вытворчасцей, усеагульнай інфарматызацыяй, развіццём навукі і тэхнікі, павышэннем узроўню адукацыі, медыцыны, паляпшэннем якасці жыцця людзей. Важным аспектам постіндустрыяльнай стадыі з’яўляецца пераарыентацыя вытворчасці з матэрыяльнай сферы на нематэрыяльныя сферы паслуг. Да пачатку XXI ст. у постіндустрыяльную стадыю развіцця ўступіла каля 30 дзяржаў, насельніцтва якіх складала пятую частку жыхароў планеты.
У гісторыі Навейшага часу можна вылучыць два адносна самастойныя перыяды. Першы ахоплівае 1918—1945 гг. Асноўнымі яго адрозненнямі з’яўляюцца ўздым рэвалюцыйных рухаў у Еўропе і нацыянальна-вызваленчых у Азіі, а таксама абвастрэнне супярэчнасцей паміж буйнейшымі дзяржавамі свету, што ў выніку прывяло да самай разбуральнай у гісторыі чалавецтва сусветнай вайны 1939—1945 гг.
Другая сусветная вайна з’яўляецца лёсавызначальнай падзеяй Навейшага часу. Асноўны яе змест — барацьба краін антыгітлераўскай кааліцыі супраць фашысцкіх дзяржаў. Гэта найбуйнейшы канфлікт у гісторыі, у якім удзельнічала 61 дзяржава (80 % насельніцтва зямнога шара) і была ўпершыню ўжыта ядзерная зброя. Другая сусветная вайна зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё чалавецтва.
Другі перыяд пачынаецца з 1945 г. і характарызуецца саперніцтвам дзвюх звышдзяржаў — ЗША і СССР, краін капіталізму і сацыялізму. Іх маштабнае супрацьстаянне завяршылася крахам СССР і распадам біпалярнага светапарадку, які склаўся ў выніку Другой сусветнай вайны. Пачаўся працэс глабалізацыі, ключавую ролю ў якім адыгрываюць заходнія краіны.
2. Мадэрнізацыя грамадства і інтэграцыйныя працэсы ў сусветнай супольнасці
Мадэрнізацыя — гэта паступовы пераход ад традыцыйнага грамадства да сучаснага, гэта значыць індустрыяльнага. Першымі на шлях мадэрнізацыі сталі краіны Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Яны прайшлі праз прамысловы пераварот і шэраг рэвалюцый, у выніку якіх сфарміравалася сучаснае заходняе грамадства. Адкрыццё еўрапейцамі новых кантынентаў, уздым сусветнага гандлю, распаўсюджванне мадэрнізацыі па свеце — усё гэта садзейнічала эканамічнай, палітычнай і культурнай інтэграцыі чалавецтва.
Ужо ў ХIХ ст. у развітых краінах склаўся ўнікальны тып індустрыяльнай цывілізацыі, які на доўгі час вызначыў асноўны вектар руху сусветнай гісторыі. Развіццё капіталізму суправаджалася каланіяльнай экспансіяй, якая ажыццяўлялася еўрапейскімі дзяржавамі. Да пачатку ХХ ст. заходняя цывілізацыя стала агульнасусветнай. Упершыню ў гісторыі адна цывілізацыя фактычна ўсталявала кантроль над большасцю краін. Працэс развіцця асобных цывілізацый і рэгіёнаў набываў усё больш агульных рыс.
На рубяжы ХIХ—ХХ стст. развітыя краіны свету ўступілі ў эпоху імперыялізму. Гэтая стадыя ў развіцці капіталізму характарызуецца панаваннем буйных манаполій, барацьбой паміж вядучымі капіталістычнымі краінамі за крыніцы сыравіны і рынкі збыту, за чужыя тэрыторыі і эксплуатацыю іншых народаў , што часта прыводзіла да войнаў.
З прычыны гістарычных адрозненняў рэгіёны і краіны сталі на шлях мадэрнізацыі не адначасова. Часта яна ажыццяўлялася гвалтоўна, выклікала супраціўленне асноўнай часткі насельніцтва і, першапачаткова ў малой ступені, закранала масавы лад жыцця і мясцовыя традыцыі. У ХХ ст. былі прапанаваны дзве мадэлі мадэрнізацыі: заходняя (капіталістычная) і савецкая (сацыялістычная).
Савецкая мадэль мадэрнізацыі стала альтэрнатывай заходнім дэмакратыям і фашысцкім рэжымам. Індустрыялізацыя дазволіла СССР выйсці на адзін узровень з развітымі краінамі свету і выстаяць у самай кровапралітнай вайне супраць нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў.
3. Навукова-тэхнічны прагрэс і паскарэнне гістарычнага развіцця
Паступальнае развіццё навукі і тэхнікі як важнейшых элементаў прадукцыйных сіл грамадскай вытворчасці называюць навукова-тэхнічным прагрэсам.
Удасканальванне грамадскай вытворчасці з’яўляецца фундаментальнай умовай эканамічнага жыцця чалавецтва. Грунтуецца яно на прагрэсе навукі і тэхнікі. За тысячагоддзі развіцця чалавечай цывілізацыі навукова-тэхнічны прагрэс прайшоў даволі складаны і супярэчлівы шлях. Яго асаблівасць у тым, што амаль да канца XVIII ст. тэхнічны прагрэс ажыццяўляўся асобна ад навуковага. Толькі ў эпоху прамысловай рэвалюцыі пачалося хуткае збліженне навукі і тэхнікі. Узнікненне цэласнага навукова-тэхнічнага прагрэсу азначала пераўтварэнне навукі ў непасрэдную прадукцыйную сілу.
Першая палова ХХ ст. была адзначана бурным індустрыяльным развіццём. Вырашальную ролю ў эканоміцы сталі адыгрываць новыя тэхналогіі. Паскарэнне тэмпаў развіцця свету шмат у чым было абумоўлена навукова-тэхнічным «выбухам» канца ХIХ — пачатку ХХ ст. У цэлым эвалюцыйны працэс навукова-тэхнічнага прагрэсу, які працягваўся паўтара стагоддзі, завяршыўся ў 50-я гг. ХХ ст. навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй (НТР).
НТР азначала пераход да тэхнікі і тэхналогій, створаных на прынцыпова новых навуковых ідэях. Такіх прыкладаў у гісторыі чалавецтва няшмат. Найбольш яркія з іх — пераход ад ручной вытворчасці да машыннай, замена энергіі пары электрычнай або атамнай энергіяй, выкарыстанне лазерных і іншых сучасных тэхналогій. НТР пашырыла прадукцыйныя магчымасці грамадства, прывяла да істотных змен ва ўмовах жыцця і працы чалавека. Хуткадзейныя сістэмы кантролю і апрацоўкі інфармацыі сталі магчымымі дзякуючы камп’ютарнай тэхніцы.
4. Войны і рэвалюцыі
У другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. захавалася і нават узмацнілася нераўнамернасць развіцця асобных дзяржаў. Такія краіны, як ЗША, Германня або Японія, развіваліся хуткімі тэмпамі і імкнуліся да перадзелу ўжо падзеленага свету. У Еўропе склаліся два ваенныя блокі, якія супрацьстаялі адзін аднаму.
Імперскія амбіцыі, гонка ўзбраенняў і сістэма саюзаў, што супрацьстаялі адзін аднаму, зрабілі сваю разбуральную справу. Рост міжнароднай напружанасці, які заўважна праявіўся ў пачатку стагоддзя, у выніку прывёў да сусветнай вайны 1914—1918 гг. Яна стала драматычным завяршэннем «доўгага ХIХ ст.», перыяду адноснага міру, і абвясціла аб пачатку так званай эпохі насілля — эпохі рэвалюцый і сусветных войнаў.
XX стагоддзе — час трыумфу розуму і навукі — адначасова было стагоддзем войнаў і рэвалюцый, у ходе якіх не аднойчы пад пытанне ставіліся самі паняцці прагрэсу і гуманізму, што сведчыла пра крызіс індустрыяльнага грамадства. Невыпадкова гэтае стагоддзе называюць самым крывавым у гісторыі. Першая і Другая сусветныя войны забралі каля 70 млн чалавечых жыццяў.
XX ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем тэмпаў сацыяльна-палітычных змен. Сацыяльныя рэвалюцыі, пачаўшыся ў Расіі, не аднойчы скаланалі многія краіны і кантыненты. Вырашальны ўплыў на лёс усяго чалавецтва зрабіла перамога ў Другой сусветнай вайне над Германіяй і яе саюзнікамі. Вялікую ролю ў гісторыі грамадства сталі адыгрываць сацыял-дэмакратычны і камуністычны масавыя рухі. Лёс апошняга, які прайшоў шлях ад найвышэйшага ўздыму да заняпаду і крызісу, склаўся асабліва драматычна.
Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны вялізны ўплыў у свеце мелі дзве вялікія дзяржавы — СССР і ЗША. Сфарміравалася Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносін, якая характарызавалася раздзяленнем сусветнай супольнасці на дзве варожыя грамадска-палітычныя сістэмы — капіталістычную і сацыялістычную. Супрацьстаянне і канфлікты паміж імі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «халодная вайна».
У гэтым супрацьстаянні перамогу атрымалі Злучаныя Штаты Амерыкі. Яны здзейснілі эканамічную і палітычную экспансію планетарнага маштабу, устанавілі кантроль над самай таннай у свеце блізкаўсходняй нафтай і над міжнароднай валютнай сістэмай. У 1991 г. Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне, падзяліўшыся на самастойныя дзяржавы. Нягледзячы на завяршэнне «халоднай вайны» і распад СССР, Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносін так і не была заменена якой-небудзь іншай сістэмай.
У барацьбе за сусветнае панаванне ЗША вырашылі прыцягнуць на свой бок Кітай, прадаставіўшы яму доступ да сучасных тэхналогій і ўласнага рынку. Гэта дапамагло КНР пераадолець эканамічнае адставанне ад сусветных лідараў, ператварыцца ў высокатэхналагічную краіну і дамінуючую кантынентальную дзяржаву.
Сёння з удзелам і пад кантролем Кітая фарміруецца еўразійскі кантынентальны праект «Адзін пояс — адзін шлях». Эканамічны пояс Шаўковага шляху закліканы забяспечыць Кітаю доступ да рэсурсавых баз Цэнтральнай Азіі і Блізкага Усходу, тэхналогій і рынкаў збыту Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза.
Буйнейшымі падзеямі канца ХХ ст. сталі «аксамітныя рэвалюцыі» ва Усходняй Еўропе і распад СССР. Рэвалюцыі прадвызначылі новую расстаноўку сіл у Еўропе, а распад Савецкага Саюза выклікаў значныя змены ва ўсім свеце, паўплываў на фарміраванне новай структуры эканамічных і палітычных адносін паміж вялікімі дзяржавамі. Скончыўся перыяд біпалярнага светапарадку.
Аднак завяршэнне «халоднай войны» не прывяло да зніжэння міжнароднай напружанасці. У пачатку XXI ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж буйнейшымі дзяржавымі свету, у арбіту якіх былі ўцягнуты краіны Захаду, Кітай і Расія. Па-ранейшаму здараюцца лакальныя войны і канфлікты. Значна пашырыўся ачаг супярэчнасцей на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе буйнымі «гульцамі» сталі Іран і Турцыя. Узрасла напружанасць па перыметры граніц былога Савецкага Саюза.
5. Нацыянальна-вызваленчыя рухі і дэкаланізацыя
Уплывовай сілай пасля Другой сусветнай вайны стаў нацыянальна-вызваленчы рух народаў Азіі і Афрыкі. У выніку дэкаланізацыі на палітычнай карце свету з’явілася звыш ста незалежных дзяржаў.
Большая частка краін, якія ўзніклі ў выніку дэкаланізацыі, сталі называцца краінамі «трэцяга свету». Першапачаткова гэты тэрмін абазначаў тыя незалежныя дзяржавы, якія не далучыліся ні да заходняга свету на чале з ЗША, ні да сацыялістычнага лагера на чале з СССР. Пазней тэрмін замацаваўся за слабымі па ўзроўні развіцця краінамі і ўжываўся як сінонім паняцця «краіны, якія развіваюцца». Па ўзроўні эканамічнага развіцця такія краіны можна падзяліць на тры групы: слабаразвітыя (Афрыка), сярэднеразвітыя (Азія) і краіны Лацінскай Амерыкі як найбольш «прасунутыя». Варта памятаць, што прынятая класіфікацыя краін, якія развіваюцца, шмат у чым умоўная, бо фармальна да іх адносяцца, напрыклад, такія эканамічныя гіганты, як Кітай і Індыя.
На базе краін, якія развіваюцца, узнік Рух недалучэння. Яго ўдзельнікаў аб’ядноўвалі адмаўленне знешняга дыктату і няўдзел у ваенных блоках. Гэта была спроба ператварыць «трэці свет» у самастойную міжнародную сілу. Аднак Рух недалучэння не стаў такім, у яго шэрагах да гэтага часу няма палітычнага адзінства. Краіны — удзельніцы Руху недалучэння па-рознаму ставяцца да вырашэння адных і тых жа праблем сучаснасці.
Сучаснае становішча многіх краін, якія развіваюцца, характарызуецца эканамічнай адсталасцю і палітычнай нестабільнасцю. Некаторыя з іх з’яўляюцца арэнай лакальных войнаў і канфліктаў.
6. Глабальныя праблемы сучаснасці
Пад глабальнымі праблемамі сучаснасці разумеюць сукупнасць праблем сацыяльнага і прыроднага характару, якія маюць планетарнае значэнне, паколькі ад іх вырашэння залежыць лёс усяго чалавецтва.
Глабальныя праблемы ўзніклі ў выніку працяглага развіцця чалавечага грамадства, супрацьстаяння чалавека і прыроды. Яны ўзаемазвзаныя, закранаюць інтарэсы ўсіх людзей і дзяржаў, іх вырашэнне патрабуе намаганняў усяго чалавецтва. Найбольшую небяспеку сёння ўяўляюць ваенная і экалагічная праблемы.
На фоне нестабільнасці сусветнай фінансавай і энергетычнай сістэм асаблівую пагрозу краінам і народам нясуць міжнародны тэрарызм і нарастанне экалагічных праблем. Абвастрэнне адносін і канфліктаў паміж цывілізацыямі, у прыватнасці, паміж заходняй і мусульманскай, тоіць у сабе небяспечныя вынікі.
Пытанні
1. Складзіце табліцу «Перыядызацыя сусветнай гісторыі».
2. Дайце агульную характарыстыку перыяду Новай гісторыі. Назавіце адрозныя рысы перыяду Навейшай гісторыі.
3. XVIII стагоддзе называлі стагоддзем Розуму, стагоддзем Асветы. А як можна ахарактарызаваць ХIХ стагоддзе? Якую назву можна даць ХХ стагоддзю?
4. Параўнайце палітычную карту свету ў пачатку ХIХ ст. і ў пачатку ХХI ст. Якія глабальныя змены адбыліся?
5. Брытанскі гісторык Э. Хобсбаўм вылучаў «доўгае ХIХ» і «кароткае ХХ» стагоддзі. Ці можаце вы растлумачыць, чаму гістарычныя стагоддзі не супадаюць з каляндарнымі? Выкарыстайце матэрыялы рубрык.
6. Дайце азначэнне паняццяў «навукова-тэхнічны прагрэс» і «навукова-тэхнічная рэвалюцыя». Ці можна сказаць, што з’яўленне глабальных праблем звязана з навукова-тэхнічным прагрэсам?
7. Вызначце тэндэнцыі сусветнага развіцця ў XIX — пачатку XXI ст.
8. Нераўнамернасць развіцця краін і народаў назіралася на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Які ўплыў гэта зрабіла на гісторыю XIX — пачатку XXI ст.?
9. Якія варыянты перыядызацыі сусветнай гісторыі вы ведаеце? Якія крытэрыі ляжаць у іх аснове? Чаму гістарычная перыядызацыя мае адносны характар?