§ 1. Уводзіны
4. Войны і рэвалюцыі
У другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. захавалася і нават узмацнілася нераўнамернасць развіцця асобных дзяржаў. Такія краіны, як ЗША, Германня або Японія, развіваліся хуткімі тэмпамі і імкнуліся да перадзелу ўжо падзеленага свету. У Еўропе склаліся два ваенныя блокі, якія супрацьстаялі адзін аднаму.
Імперскія амбіцыі, гонка ўзбраенняў і сістэма саюзаў, што супрацьстаялі адзін аднаму, зрабілі сваю разбуральную справу. Рост міжнароднай напружанасці, які заўважна праявіўся ў пачатку стагоддзя, у выніку прывёў да сусветнай вайны 1914—1918 гг. Яна стала драматычным завяршэннем «доўгага ХIХ ст.», перыяду адноснага міру, і абвясціла аб пачатку так званай эпохі насілля — эпохі рэвалюцый і сусветных войнаў.
XX стагоддзе — час трыумфу розуму і навукі — адначасова было стагоддзем войнаў і рэвалюцый, у ходе якіх не аднойчы пад пытанне ставіліся самі паняцці прагрэсу і гуманізму, што сведчыла пра крызіс індустрыяльнага грамадства. Невыпадкова гэтае стагоддзе называюць самым крывавым у гісторыі. Першая і Другая сусветныя войны забралі каля 70 млн чалавечых жыццяў.
XX ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем тэмпаў сацыяльна-палітычных змен. Сацыяльныя рэвалюцыі, пачаўшыся ў Расіі, не аднойчы скаланалі многія краіны і кантыненты. Вырашальны ўплыў на лёс усяго чалавецтва зрабіла перамога ў Другой сусветнай вайне над Германіяй і яе саюзнікамі. Вялікую ролю ў гісторыі грамадства сталі адыгрываць сацыял-дэмакратычны і камуністычны масавыя рухі. Лёс апошняга, які прайшоў шлях ад найвышэйшага ўздыму да заняпаду і крызісу, склаўся асабліва драматычна.
Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны вялізны ўплыў у свеце мелі дзве вялікія дзяржавы — СССР і ЗША. Сфарміравалася Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносін, якая характарызавалася раздзяленнем сусветнай супольнасці на дзве варожыя грамадска-палітычныя сістэмы — капіталістычную і сацыялістычную. Супрацьстаянне і канфлікты паміж імі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «халодная вайна».
У гэтым супрацьстаянні перамогу атрымалі Злучаныя Штаты Амерыкі. Яны здзейснілі эканамічную і палітычную экспансію планетарнага маштабу, устанавілі кантроль над самай таннай у свеце блізкаўсходняй нафтай і над міжнароднай валютнай сістэмай. У 1991 г. Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне, падзяліўшыся на самастойныя дзяржавы. Нягледзячы на завяршэнне «халоднай вайны» і распад СССР, Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносін так і не была заменена якой-небудзь іншай сістэмай.
У барацьбе за сусветнае панаванне ЗША вырашылі прыцягнуць на свой бок Кітай, прадаставіўшы яму доступ да сучасных тэхналогій і ўласнага рынку. Гэта дапамагло КНР пераадолець эканамічнае адставанне ад сусветных лідараў, ператварыцца ў высокатэхналагічную краіну і дамінуючую кантынентальную дзяржаву.
Сёння з удзелам і пад кантролем Кітая фарміруецца еўразійскі кантынентальны праект «Адзін пояс — адзін шлях». Эканамічны пояс Шаўковага шляху закліканы забяспечыць Кітаю доступ да рэсурсавых баз Цэнтральнай Азіі і Блізкага Усходу, тэхналогій і рынкаў збыту Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза.
Буйнейшымі падзеямі канца ХХ ст. сталі «аксамітныя рэвалюцыі» ва Усходняй Еўропе і распад СССР. Рэвалюцыі прадвызначылі новую расстаноўку сіл у Еўропе, а распад Савецкага Саюза выклікаў значныя змены ва ўсім свеце, паўплываў на фарміраванне новай структуры эканамічных і палітычных адносін паміж вялікімі дзяржавамі. Скончыўся перыяд біпалярнага светапарадку.
Аднак завяршэнне «халоднай войны» не прывяло да зніжэння міжнароднай напружанасці. У пачатку XXI ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж буйнейшымі дзяржавымі свету, у арбіту якіх былі ўцягнуты краіны Захаду, Кітай і Расія. Па-ранейшаму здараюцца лакальныя войны і канфлікты. Значна пашырыўся ачаг супярэчнасцей на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе буйнымі «гульцамі» сталі Іран і Турцыя. Узрасла напружанасць па перыметры граніц былога Савецкага Саюза.