§ 1. Уводзіны

3. Навукова-тэхнічны прагрэс і паскарэнне гістарычнага развіцця

Паступальнае развіццё навукі і тэхнікі як важнейшых элементаў прадукцыйных сіл грамадскай вытворчасці называюць навукова-тэхнічным прагрэсам.

Удасканальванне грамадскай вытворчасці з’яўляецца фундаментальнай умовай эканамічнага жыцця чалавецтва. Грунтуецца яно на прагрэсе навукі і тэхнікі. За тысячагоддзі развіцця чалавечай цывілізацыі навукова-тэхнічны прагрэс прайшоў даволі складаны і супярэчлівы шлях. Яго асаблівасць у тым, што амаль да канца XVIII ст. тэхнічны прагрэс ажыццяўляўся асобна ад навуковага. Толькі ў эпоху прамысловай рэвалюцыі пачалося хуткае збліженне навукі і тэхнікі. Узнікненне цэласнага навукова-тэхнічнага прагрэсу азначала пераўтварэнне навукі ў непасрэдную прадукцыйную сілу.

Першая палова ХХ ст. была адзначана бурным індустрыяльным развіццём. Вырашальную ролю ў эканоміцы сталі адыгрываць новыя тэхналогіі. Паскарэнне тэмпаў развіцця свету шмат у чым было абумоўлена навукова-тэхнічным «выбухам» канца ХIХ — пачатку ХХ ст. У цэлым эвалюцыйны працэс навукова-тэхнічнага прагрэсу, які працягваўся паўтара стагоддзі, завяршыўся ў 50-я гг. ХХ ст. навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй (НТР).

НТР азначала пераход да тэхнікі і тэхналогій, створаных на прынцыпова новых навуковых ідэях. Такіх прыкладаў у гісторыі чалавецтва няшмат. Найбольш яркія з іх — пераход ад ручной вытворчасці да машыннай, замена энергіі пары электрычнай або атамнай энергіяй, выкарыстанне лазерных і іншых сучасных тэхналогій. НТР пашырыла прадукцыйныя магчымасці грамадства, прывяла да істотных змен ва ўмовах жыцця і працы чалавека. Хуткадзейныя сістэмы кантролю і апрацоўкі інфармацыі сталі магчымымі дзякуючы камп’ютарнай тэхніцы.