§ 6–2. Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
3. Рэспубліканскі рэферэндум 14 мая 1995 г. і яго вынікі
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Прэзідэнт з’яўляўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Вярхоўны Савет выконваў заканадаўчыя функцыі. Аднак у хуткім часе сталі праяўляцца закладзеныя ў Асноўным Законе Рэспублікі Беларусь палітычныя супярэчнасці. У Канстытуцыі 1994 г. не быў створаны механізм пераадолення крызісных сітуацый, якія ўзнікалі ва ўзаемаадносінах паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі. У грамадстве ўсё часцей гучала крытыка і выказвалася незадаволенасць працай Вярхоўнага Савета.
14 мая 1995 г. па ініцыятыве Прэзідэнта быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум.
На рэферэндум выносіліся пытанні, якія выклікалі найбольш вострыя дыскусіі ў грамадстве: аб статусе рускай мовы, аб дзяржаўнай сімволіцы і аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Акрамя гэтых пытанняў на рэферэндум выносілася пытанне аб унясенні змен у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам у выпадках сістэматычнага альбо грубага парушэння Канстытуцыі. Па ўсіх чатырох пытаннях большасць грамадзян падтрымала пазіцыю Прэзідэнта.