§ 6–2. Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
1. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Важнейшым этапам станаўлення і далейшага развіцця дзяржавы з’яўляецца распрацоўка Канстытуцыі. Канстытуцыя — Асноўны Закон дзяржавы, які вызначае яе грамадскае і дзяржаўнае ўладкаванне, прынцыпы арганізацыі і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання, асноўныя правы і абавязкі грамадзян. У ліпені 1990 г. Вярхоўны Савет БССР стварыў Канстытуцыйную камісію для распрацоўкі праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У яе склад увайшлі 61 дэпутат і 13 спецыялістаў у галіне права. Праект Канстытуцыі, па сутнасці, быў гатовы да сярэдзіны 1991 г. У працэсе падрыхтоўкі праекта Канстытуцыі было вывучана каля пяцісот атрыманых прапаноў і заўваг, з якіх больш за сотню ўлічылі.
Характэрнай асаблівасцю працэсу станаўлення суверэннай Беларусі з’яўлялася тое, што незалежная дзяржава абвяшчалася ў форме парламенцкай рэспублікі. У той жа час з’явіліся новыя дзяржавы — прэзідэнцкія рэспублікі. У Вярхоўным Савеце, у Канстытуцыйнай камісіі і ў грамадстве разгарнулася дыскусія пра тое, якой мае быць беларуская дзяржава: парламенцкай рэспублікай альбо прэзідэнцкай?
Прынятая 15 сакавіка 1994 г. Вярхоўным Саветам Канстытуцыя ўвяла ў рэспубліцы інстытут прэзідэнцтва. Прэзідэнт абвяшчаўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады; яму прадастаўлялася права фарміравання ўрада, кантролю над асноўнымі дзяржаўнымі структурамі. Прэзідэнт павінен быў абірацца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Разам з тым захоўваліся значныя правы Вярхоўнага Савета, у тым ліку права зацвярджэння ўрада, фарміравання саставу вышэйшых органаў судовай улады, манаполія на прыняцце дзяржаўных законаў. Уводзіўся новы вышэйшы орган судовай улады — Канстытуцыйны Суд, які фарміраваўся Вярхоўным Саветам.
Канстытуцыя прадугледжвала магчымасць правядзення рэферэндумаў для вырашэння найбольш важных пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця.