Печатать книгуПечатать книгу

§ 6–2. Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

1. На якіх прынцыпах аб’яднання ствараўся Савецкі Саюз? Ці захоўваліся гэтыя прынцыпы ў сапраўднасці на працягу яго існавання?

2. Якая падзея ўвайшла ў гісторыю пад назвай «парад суверэнітэтаў»?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 6–2. Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 12 Март 2025, 07:20

1. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Важнейшым этапам станаўлення і далейшага развіцця дзяржавы з’яўляецца распрацоўка Канстытуцыі. Канстытуцыя — ​Асноўны Закон дзяржавы, які вызначае яе грамадскае і дзяржаўнае ўладкаванне, прынцыпы арганізацыі і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання, асноўныя правы і абавязкі грамадзян. У ліпені 1990 г. Вярхоўны Савет БССР стварыў Канстытуцыйную камісію для распрацоўкі праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У яе склад увайшлі 61 дэпутат і 13 спецыялістаў у галіне права. Праект Канстытуцыі, па сутнасці, быў гатовы да сярэдзіны 1991 г. У працэсе падрыхтоўкі праекта Канстытуцыі было вывучана каля пяцісот атрыманых прапаноў і заўваг, з якіх больш за сотню ўлічылі.

Характэрнай асаблівасцю працэсу станаўлення суверэннай Беларусі з’яўлялася тое, што незалежная дзяржава абвяшчалася ў форме парламенцкай рэспублікі. У той жа час з’явіліся новыя дзяржавы — ​прэзідэнцкія рэспублікі. У Вярхоўным Савеце, у Канстытуцыйнай камісіі і ў грамадстве разгарнулася дыскусія пра тое, якой мае быць беларуская дзяржава: парламенцкай рэспублікай альбо прэзідэнцкай?

Прынятая 15 сакавіка 1994 г. Вярхоўным Саветам Канстытуцыя ўвяла ў рэспубліцы інстытут прэзідэнцтва. Прэзідэнт абвяшчаўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады; яму прадастаўлялася права фарміравання ўрада, кантролю над асноўнымі дзяржаўнымі структурамі. Прэзідэнт павінен быў абірацца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Разам з тым захоўваліся значныя правы Вярхоўнага Савета, у тым ліку права зацвярджэння ўрада, фарміравання саставу вышэйшых органаў судовай улады, манаполія на прыняцце дзяржаўных законаў. Уводзіўся новы вышэйшы орган судовай улады — ​Канстытуцыйны Суд, які фарміраваўся Вярхоўным Саветам.

Канстытуцыя прадугледжвала магчымасць правядзення рэферэндумаў для вырашэння найбольш важных пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

2. А. Р. Лукашэнка — ​першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 23 чэрвеня 1994 г. адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кандыдатамі на пост прэзідэнта былі вылучаны шэсць чалавек. Асноўнымі канкурэнтамі сталі прэм’ер-міністр В. Ф. Кебіч, які цалкам кантраляваў дзяржаўныя СМІ, абапіраўся на дзяржаўны апарат і яго кадры, і дэпутат Вярхоўнага Савета А. Р. Лукашэнка. Яго перадвыбарчая праграма знайшла шырокую падтрымку сярод грамадзян. У ёй рабіўся акцэнт на пераадоленні эканамічнага крызісу, сацыяльнай справядлівасці, барацьбе з карупцыяй, павышэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва, аднаўленні на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове сувязей з дзяржавамі, якія раней уваходзілі ў склад СССР, перш за ўсё з Расіяй і Украінай.

Пераможцам першага тура выбараў стаў А. Р. Лукашэнка, які набраў 45 % галасоў. В. Ф. Кебіча, хаця ён і выйшаў у другі тур, падтрымала толькі 17,4 % выбаршчыкаў. У наступным туры выбараў, які адбыўся 10 ліпеня 1994 г., каля 80 % выбаршчыкаў першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь абралі А. Р. Лукашэнку.

Па ініцыятыве Прэзідэнта была вызначана новая арганізацыйная структура ўрада і сфармі­раваны новы Савет Міністраў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй быў сфарміраваны таксама новы орган дзяржаўнага кіравання — ​Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, закліканая за­бяспечваць арганізацыйную, інфармацыйную, экспертна-аналітычную і прававую дзейнасць кіраўніка дзяржавы, узаемадзеянне Прэзідэнта з галінамі ўлады, грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі і аб’яднаннямі, іншымі грамадска-палітычнымі інстытутамі, а таксама са сродкамі масавай інфармацыі, ажыццяўляць кантроль за выкананнем яго рашэнняў. Па Канстытуцыі Прэзідэнт узначаліў Савет бяспекі — ​міжведамасны орган, упаўнаважаны распрацоўваць узгодненыя меры падтрымання бяспекі дзяржавы.

3. Рэспубліканскі рэферэндум 14 мая 1995 г. і яго вынікі

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Прэзідэнт з’яўляўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Вярхоўны Савет выконваў заканадаўчыя функцыі. Аднак у хуткім часе сталі праяўляцца закладзеныя ў Асноўным Законе ­Рэспублікі Беларусь палітычныя супярэчнасці. У Канстытуцыі 1994 г. не быў створаны механізм пераадолення крызісных сітуацый, якія ўзнікалі ва ўзаемаадносінах паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі. У грамадстве ўсё часцей гучала крытыка і выказвалася незадаволенасць працай Вярхоўнага Савета.

14 мая 1995 г. па ініцыятыве Прэзідэнта быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум.

На рэферэндум выносіліся пытанні, якія выклікалі найбольш вострыя дыскусіі ў грамадстве: аб статусе рускай мовы, аб дзяржаўнай сімволіцы і аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Акрамя гэтых пытанняў на рэферэндум выносілася пытанне аб унясенні змен у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам у выпадках сістэматычнага альбо грубага парушэння Канстытуцыі. Па ўсіх чатырох пытаннях большасць грамадзян падтрымала пазіцыю Прэзідэнта.

Пытанні і заданні

1. Дакажыце тэзіс: «Найважнейшым этапам станаўлення і далейшага развіцця дзяржавы з’яўляецца наяўнасць Канстытуцыі».

2. Складзіце палітычны партрэт першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі.

3. Знайдзіце інфармацыю аб выніках рэспубліканскага рэферэндуму 1995 г. Якімі фактарамі, на вашу думку, яны маглі быць абумоўлены?