§ 6–2. Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

2. А. Р. Лукашэнка — ​першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 23 чэрвеня 1994 г. адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кандыдатамі на пост прэзідэнта былі вылучаны шэсць чалавек. Асноўнымі канкурэнтамі сталі прэм’ер-міністр В. Ф. Кебіч, які цалкам кантраляваў дзяржаўныя СМІ, абапіраўся на дзяржаўны апарат і яго кадры, і дэпутат Вярхоўнага Савета А. Р. Лукашэнка. Яго перадвыбарчая праграма знайшла шырокую падтрымку сярод грамадзян. У ёй рабіўся акцэнт на пераадоленні эканамічнага крызісу, сацыяльнай справядлівасці, барацьбе з карупцыяй, павышэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва, аднаўленні на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове сувязей з дзяржавамі, якія раней уваходзілі ў склад СССР, перш за ўсё з Расіяй і Украінай.

Пераможцам першага тура выбараў стаў А. Р. Лукашэнка, які набраў 45 % галасоў. В. Ф. Кебіча, хаця ён і выйшаў у другі тур, падтрымала толькі 17,4 % выбаршчыкаў. У наступным туры выбараў, які адбыўся 10 ліпеня 1994 г., каля 80 % выбаршчыкаў першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь абралі А. Р. Лукашэнку.

Па ініцыятыве Прэзідэнта была вызначана новая арганізацыйная структура ўрада і сфармі­раваны новы Савет Міністраў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй быў сфарміраваны таксама новы орган дзяржаўнага кіравання — ​Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, закліканая за­бяспечваць арганізацыйную, інфармацыйную, экспертна-аналітычную і прававую дзейнасць кіраўніка дзяржавы, узаемадзеянне Прэзідэнта з галінамі ўлады, грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі і аб’яднаннямі, іншымі грамадска-палітычнымі інстытутамі, а таксама са сродкамі масавай інфармацыі, ажыццяўляць кантроль за выкананнем яго рашэнняў. Па Канстытуцыі Прэзідэнт узначаліў Савет бяспекі — ​міжведамасны орган, упаўнаважаны распрацоўваць узгодненыя меры падтрымання бяспекі дзяржавы.