§ 6–1. Спыненне існавання СССР

7. Стварэнне СНД

10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову, якая скасавала дамову аб стварэнні СССР ад 30 снежня 1922 г., і ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні СНД, 12 снежня дакумент быў ратыфікаваны Вярхоўным Саветам Расіі.

13 снежня ў Ашхабадзе адбылася сустрэча кіраўнікоў пяці Цэнтральнаазіяцкіх рэспублік (Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Туркменія і Узбекістан). Рэспублікі выказалі згоду ўвайсці ў СНД. Прэзідэнт Казахстана Н. А. Назарбаеў прапанаваў сабрацца ў Алма-­Аце для абмеркавання пытанняў і прыняцця сумесных рашэнняў. На сустрэчу прыбылі кіраўнікі адзінаццаці рэспублік былога СССР (акрамя краін Прыбалтыкі і Грузіі). 21 снежня 1991 г. была падпісана Дэкларацыя, у якой выкладаліся мэты і прынцыпы СНД. У дакуменце канстатаваўся факт спынення існавання СССР з утварэннем СНД.

Алма-ацінская сустрэча завяршыла працэс утварэння незалежных дзяржаў на постсавецкай прасторы. У былых рэспублік СССР пачалася незалежная гісторыя.