§ 6–1. Спыненне існавання СССР

5. Белавежскія пагадненні

Пасля правалу ДКНС спроба падрыхтаваць новы саюзны дагавор была працягнутая, але гаворка ішла ўжо аб пагадненні на аснове канфедэрацыі. 26 жніўня 1991 г. была прыпыненая дзейнасць КПСС КПБ. Быў прыняты закон аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў, арганізацый, нацыяналізацыі партыйнай маёмасці. На працягу восені 1991 г. былі зроблены спробы падрыхтаваць новую саюзную дамову, рыхтаваліся праекты дзейнасці дзяржаўных органаў на пераходны перыяд. Шостага верасня 1991 г. выхад з СССР трох прыбалтыйскіх рэспублік быў прызнаны Дзяржаўным Саветам СССР. 14 лістапада 1991 г. сем рэспублік (РСФСР, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Туркменія, Узбекістан) заявілі аб жаданні заключыць дамову аб стварэнні Саюза суверэнных дзяржаў (ССГ). Першага снежня на тэрыторыі Украіны адбыўся рэфэрэндум, на якім большасць выказалася за незалежнасць. Пасля гэтага Прэзідэнт Расіі Б. М. Ельцын заявіў, што «без Украіны саюзны дагавор губляе ўсялякі сэнс». У сітуацыі, якая склалася, вырашана было арганізаваць сустрэчу кіраўнікоў трох рэспублік: прэзідэнта Расіі Б. М. Ельцына, Прэзідэнта Украіны Л. М. Краўчука і старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. С. Шушкевіча. Афіцыйнай мэтай сустрэчы было абмеркаванне паставак нафты і газу ва Украіну і Беларусь.

У Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі «Віскулі», 8 снежня 1991 г. кіраўнікі Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны без запрашэння іншых заснавальнікаў СССР дэнансавалі саюзную дамову 1922 г. і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Гарантаваліся адкрытасць межаў, свабода перамяшчэння грамадзян і перадачы інфармацыі ў рамках Садружнасці.

25 снежня прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў прызнаў факт спынення існавання СССР і склаў свае паўнамоцтвы.