§ 5–3. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 1960‑х — першай палове 1980‑х гг.
4. Дзейнасць саветаў і грамадскіх арганізацый
У адпаведнасці з новай канстытуцыяй узрастала роля грамадскіх арганізацый. Колькасць іх удзельнікаў значна вырасла. Напрыклад, камсамол Беларусі ў 1972 г. аб’ядноўваў у сваіх шэрагах больш за 1 млн маладых людзей.
Асноўнай формай грамадскага жыцця стаў удзел у выбарах і рабоце Саветаў народных дэпутатаў, партыйных, прафсаюзных, камсамольскіх і іншых грамадскіх арганізацый. Насельніцтва БССР удзельнічала ў масавых сходах, мітынгах, грандыёзных вулічных шэсцях, прысвечаных святкаванню Дзён Кастрычніцкай рэвалюцыі, Першага мая, Перамогі і вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З вялікай урачыстасцю адзначаліся ленінскія дні, знамянальныя даты ў гісторыі КПСС, выбары Саветаў народных дэпутатаў, прыняцце новай Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г. Актыўна разгарнулася прапаганда «дасягненняў савецкага ладу» з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі.
Аднак у існуючых умовах ініцыятыва саветаў згасала, адбылася «нацыяналізацыя» прафсаюзаў. Яны сталі адным са звёнаў партыйна-дзяржаўнай сістэмы ўлады. Супярэчлівыя працэсы назіраліся і ў камсамоле. З аднаго боку, ён зрабіў вялікую працу па ідэйна-палітычнаму, патрыятычнаму і працоўнаму выхаванню моладзі, з другога ў дзейнасці камітэтаў ВЛКСМ было шмат фармалізму, паказухі.
У цэлым адчувалася і пагаршэнне грамадска-палітычнай сітуацыі. Уся паўната ўлады па-ранейшаму была ў руках партыйнага апарата.
Негатыўныя з’явы нарасталі і ў Беларусі. Узмацніўся партыйна-бюракратычны стыль кіраўніцтва, хоць і ў меншай ступені, чым у іншых рэспубліках, паскорыўся колькасны рост членаў партыі.
Спроба выйсці з сітуацыі, якая склалася, была прадпрынятая пасля лістападаўскага (1982 г.) пленума ЦК КПСС, на якім Ю. В. Андропаў быў абраны Генеральным сакратаром ЦК КПСС. Адразу пачалася барацьба за навядзенне парадку і захаванне дысцыпліны, праводзіліся мерапрыемствы супраць карупцыі, хоць і тут не абышлося без перагібаў. Пасля смерці Ю. В. Андропава ў лютым 1984 г. Генеральным сакратаром ЦК КПСС быў абраны бліжэйшы паплечнік Л. І. Брэжнева К. У. Чарненка. Пачалося вяртанне да ранейшых форм і метадаў кіравання.
З 1983 па 1987 г. пасаду першага сакратара ЦК КПБ займаў М. М. Слюнькоў. За час яго кіраўніцтва Рэспубліка дамаглася поспехаў у развіцці сельскай гаспадаркі: на 30 % павялічылася вытворчасць валавой прадукцыі; рэнтабельнасць аграпрамысловага комплексу паднялася з 3 да 36 %; у 1,5 разы вырас заробак на вёсцы. Усе раней стратныя гаспадаркі сталі працаваць прыбыткова. Зніклі чэргі ў крамах. Па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва ў 1983–1987 гг. БССР была прызнана безумоўным пераможцам.