§ 5–3. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1960‑х — ​першай палове 1980‑х гг.

3. Канцэпцыя развітога сацыялізму

Вядучая роля партыі ў грамадстве была замацавана і ў Канстытуцыі СССР, прынятай у 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г.

У Канстытуцыі абвяшчалася, што «ў СССР пабудавана развітое сацыялістычная грамадства» і створана неабходная матэрыяльна-­тэхнічная база, сацыяльна-­эканамічнае становішча яго грамадзян паляпшалася, магчымасці для задавальнення ўсіх патрэб павялічваліся. Канцэпцыя развітога сацыялізму была падмацавана вывадамі аб павышэнні вядучай і накіроўваючай ролі партыі ў жыцці грамадства, умацаванні яго сацыяльнай аднастайнасці і пашырэнні калектывізму.

У Канстытуцыю СССР 1977 г. быў уключаны артыкул 6, у якім гаварылася, што «накіроўчай і кіруючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Гэтае палажэнне Асноўнага Закона СССР было прадублявана ў новай Канстытуцыі БССР 1978 г. адносна ролі КПБ.

Разам з тым адзяржаўленне камуністычнай партыі суправаджалася хуткім ростам колькасці яе членаў. У 1970‑я гг. практычна не заставалася прадпрыемстваў, устаноў, калгасаў і саўгасаў, у якіх не было б партыйных арганізацый. Колькасць камуністаў у БССР з 1964 па 1986 г. павялічылася ў два з паловай разы.
З’явілася новае тэарэтычнае палажэнне аб тым, што пачаўся інтэнсіўны працэс інтэграцыі нацыі ў новую гістарычную супольнасць — ​савецкі народ (сюды ўключаліся ўсе народы СССР, у тым ліку і жыхары БССР).
Велічны размах набылі шматлікія ідэалагічныя кампаніі, якія асабліва пампезна праходзілі ў час распрацоўкі і прыняцця Канстытуцыі СССР (1977 г.) і Канстытуцыі БССР (1978 г.). Але пры адсутнасці дэмакратычных свабод і ўзмацненні партыйнага бюракратызму ўсё гэта выклікала ў народа апатыю і песімізм.

Аднак патрыятычныя настроі ў грамадстве заставаліся даволі магутнымі. Так, яркім адлюстраваннем пачуцця савецкага патрыятызму стала стаўленне большасці беларускага насельніцтва да ўводу савецкіх вой­скаў у Афганістан у 1979 г., які ўспрымаўся як выкананне інтэрнацыянальнага доўгу. Ён тлумачыўся неабходнасцю дапамогі паўднёваму суседу СССР у яго барацьбе за самастойнае развіццё.