§ 5–2. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1950‑х — ​першай палове 1960‑х гг.

2. Прыняцце курсу на будаўніцтва камунізму

Палітыка М. Хрушчова, праводзімая пры імкненні рэалізаваць жаданыя мэты, але без уліку аб’ектыўных законаў развіцця грамадства, рэальных абставін і магчымых наступстваў, характарызавалася як «палітыка валюнтарызму». Яе яркай праявай стала прыняцце на ХХІІ з’ездзе КПСС новай праграмы пабудовы камуністычнага грамадства да 1980 г. Неверагоднасць пастаўленых задач была бачная большасці спецыялістаў. Былі дапушчаныя значныя пралікі ў пытаннях развіцця міжнароднай абстаноўкі, якая ў хуткім часе пагоршылася. Стварэнне матэрыяльна-­тэхнічнай базы камунізму было немагчыма яшчэ і таму, што кіраўніцтва краіны збіралася дзейнічаць старымі эканамічнымі і палітычнымі метадамі.

Аднак беларускі народ разам з народамі ўсяго Савецкага Саюза ўхваліў рашэнні гэтага з’езда і ўключыўся ў барацьбу за пабудову камунізму да 1980 г. Абвешчаны пераход да будаўніцтва камунізму выклікаў уздым творчай актыўнасці мас і з’яўленне руху за камуністычнае стаўленне да працы. Гэтаму спрыяла і ўмацаванне партыйнага кіраўніцтва ўсімі сферамі жыцця краіны. Сярод працоўных праходзілі спаборніцтвы, перадавікі станавіліся ўдарнікамі камуністычнай працы. Даволі хутка гэтае пачынанне ператварылася ў вырашальны фактар грамадскага жыцця і фарміравання «новага чалавека».

Але ў спаборніцтвах выявіліся і негатыўныя моманты, асабліва калі яны пачалі выходзіць за рамкі вытворчасці і матэрыяльнай зацікаўленасці, што стрымлівала актыўнасць людзей і спараджала абыякавасць.