§ 5–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1940‑х — ​першай палове 1950‑х гг.

3. Асаблівасці грамадска-­палітычнай сітуацыі ў заходніх раёнах Беларусі

Своеасабліва складвалася пасляваенная сітуацыя ў заходнім рэгіёне Беларусі. Тут пераважалі аднаасобныя сялянскія гаспадаркі, уладальнікі якіх складалі больш за 80 % насельніцтва. Прымусовае стварэнне калгасаў выклікала пэўную незадаволенасць. Палітычная сітуацыя ў заходніх абласцях Беларусі ўскладнялася тым, што аж да сярэдзіны 1950‑х гг. там дзейнічалі польскія нацыяналістычныя фарміраванні, якія наводзілі страх на мясцовае насельніцтва.

На адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі паставілі сябе былыя жаўнеры Арміі Краёвай пад камандаваннем Рамуальда Райса («Бурага»). Дакументальна пацверджаны выпадкі правядзення імі карных рэйдаў па знішчэнні цэлых вёсак, забойствы мясцовага насельніцтва, а таксама партыйных і камсамольскіх актывістаў, лекараў, настаўнікаў, вайскоўцаў.

У пасляваенныя гады ўзмацніўся ідэалагічны кантроль органаў улады ва ўсіх галінах навукі, культуры, грамадска-­палітычнага жыцця. Органамі дзяржбяспекі ў 1947 г. на тэрыторыі рэгіёну быў выкрыты шэраг падпольных моладзевых беларускіх нацыяналістычных арганізацый, якія ў асноўным складаліся з настаўнікаў і навучэнцаў. Удзельнікі гэтых арганізацый былі асуджаныя за антысавецкую дзейнасць.

Партыйныя, савецкія і камсамольскія органы вялі сярод сялян заходніх абласцей шырокую масава-­палітычную працу, тлумачылі палітыку савецкай улады, сутнасць і значэнне праводзімых ёю мерапрыемстваў. Расла колькасць сялянскіх партыйных арганізацый. Пад кіраўніцтвам партыйных структур працавалі агіткалектывы і групы дакладчыкаў. Шмат увагі надавалася камуністычнаму выхаванню жанчын.

Усю працу па пераводзе індывідуальных сялянскіх гаспадарак гэтых абласцей на шлях калектыўнага земляробства ўзначаліла КП(б)Б, якая выкарыстала вопыт калектывізацыі 1930‑х гг. Сацыялістычнаму будаўніцтву ў заходніх абласцях аказвалі ўпартае супраціўленне кулацтва, частка каталіцкага духавенства, а таксама нацыяналістычныя элементы. Яны праводзілі сваю прапаганду, запалохвалі насельніцтва, здзяйснялі дыверсіі і акты шкодніцтва. Органы савецкай улады актыўна змагаліся з гэтымі праявамі.