Печатать книгуПечатать книгу

§ 5–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1940‑х — ​першай палове 1950‑х гг.

Якімі былі асноўныя рысы савецкай грамадска-­палітычнай сістэмы, якая склалася ў 1930‑я гг.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 5–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1940‑х — ​першай палове 1950‑х гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 19 Май 2025, 11:47

1. Роля КП (б)Б у пасляваенным аднаўленні Рэспублікі

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны захоўваліся адзіная дзяржаўная ідэалогія, аднапартыйная палітычная сістэма. Найважнейшай задачай у гэты перыяд было ў самыя кароткія тэрміны ліквідаваць шкоду, нанесеную нацысцкімі агрэсарамі. У такіх умовах менавіта КП (б)б разгарнула арганізацыйную і масава-­палітычную працу па мабілізацыі намаганняў на выкананне заданняў чацвёртага пяцігадовага плана. Партыя вялікую ўвагу надавала ўмацаванню партыйных арганізацый, рашэнні якіх з’яўляліся абавязковымі не толькі для іх членаў, але і для ўсіх дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый. У той час першым сакратаром ЦК КП (б)б (да 1947 г.) і кіраўніком урада БССР (да 1948 г.) быў П. К. Панамарэнка, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў Цэнтральны штаб партызанскага руху.

У 1945–1946 гг. прадстаўнікі партыйных структур дзейнічалі на ўсіх буйных прадпрыемствах рэспублікі, за першы год колькасць першасных партыйных арганізацый вырасла ў 5,5 разы. Партыйныя арганізацыі правялі вялікую працу па прыёме ў партыю новых членаў.

КП (б)Б прымала меры па развіцці ўнутрыпартыйнай працы і павышэнні актыўнасці камуністаў, абмежаванні арганізаванага цэнтрызму, які ўзмацняўся. Пачалі рэгулярна праводзіцца пленумы ЦК КП (б)Б, абкамаў, гаркамаў і райкамаў партыі, сходы першасных партыйных арганізацый, што адыграла ролю ў павышэнні актыўнасці камуністаў, узмацненні ўплыву партыі на масы.

Ужо ў студзені 1947 г. ЦК ВКП (б) адзначыў поспехі пасляваеннага будаўніцтва, партыйна-­палітычнай, гаспадарчай і культурнай працы. У яго пастанове была намечана шырокая праграма дзейнасці партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў Рэспублікі.

У першыя пасляваенныя гады ў Беларусі наглядаўся недахоп вопытных кіраўнікоў. Многія з іх загінулі ў баях з нямецка-­фашысцкімі захопнікамі. З мэтай падрыхтоўкі палітычных кадраў з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва ў Мінску пры ЦК КП (Б)б былі адкрыты Рэспубліканская партыйная школа і шэраг іншых партыйных навучальных устаноў.

У гэтых умовах дзейнасць партыйна-­дзяржаўнай улады ў БССР у разгляданы перыяд кантралявалася саюзным кіраўніцтвам. Яно ажыццяўляла і прызначэнні на галоўныя кіроўныя пасады ў рэспубліцы. Пры гэтым перавага аддавалася кадрам з іншых саюзных рэспублік.

Важнай падзеяй у 1949 г. стаў ХІХ з’езд КП (б)Б, які праходзіў 15–18 лютага. З’езд ухваліў палітычную лінію і практычную дзейнасць партыі, падвёў вынікі мінулай пяцігодкі. 19 лютага на пленуме ЦК КП (б)Б першым сакратаром партыі быў абраны М. І. Гусараў, які кіраваў Рэспублікай да 1950 г. і быў накіраваны туды з РСФСР. У 1950 г. пасаду першага сакратара ЦК КП (б)б заняў М. С. Патолічаў (1950–1956 гг.), таксама выхадзец з РСФСР.

У кастрычніку 1952 г. адбыўся ХІХ з’езд камуністычнай партыі, які перайменаваў ВКП(б) у КПСС.

2. Дзейнасць саветаў і грамадскіх арганізацый

Камуністычная партыя шмат увагі надавала ўдасканаленню форм і метадаў работы саветаў дэпутатаў працоўных, павышэнню ўзроўню іх арганізатарскай дзейнасці, умацаванню сувязяў з масамі. Пачалі працаваць сесіі саветаў, былі адноўлены пастаянныя камісіі.

У паляпшэнні дзейнасці саветаў важнае значэнне мела правядзенне чарговых выбараў органаў дзяржаўнай улады. У 1946 г. адбыліся першыя пасля вайны выбары ў Вярхоўны Савет СССР, у наступным годзе — ​выбары ў Вярхоўны Савет БССР, у 1948 г. — ​у мясцовыя Саветы Рэспублікі. Выбарчыя кампаніі ва ўсіх абласцях і раёнах Беларусі праходзілі ў абстаноўцы палітычнага і Працоўнага ўздыму, які стаў вынікам дзейнасці Камуністычнай партыі.

Асаблівае значэнне мелі выбары мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных — ​самых масавых органаў дзяржаўнай улады. У выніку выбараў значна абнавіўся склад Саветаў. Пасля выбараў прыкметна павысілася кіруючая і арганізатарская роля Саветаў у палітычным, эканамічным і культурным жыцці рэспублікі.

Важнае значэнне ў мабілізацыі мас на рашэнне неадкладных задач пасляваеннага будаўніцтва мела аднаўленне прафесійных саюзаў Рэспублікі. Пад кіраўніцтвам мясцовых партыйных органаў на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях праводзіліся Рэгістрацыя і прыём новых членаў, выбары фабрычна-­завадскіх і мясцовых камітэтаў прафсаюзаў. У 1945 г. адбылася канферэнцыя галіновых прафсаюзаў, на якой былі абраныя кіруючыя рэспубліканскія органы. У кастрычніку — ​лістападзе 1948 г. у сувязі са скасаваннем інстытута ўпаўнаважаных па саюзных рэспубліках у Беларусі былі створаны Беларускі рэспубліканскі савет прафсаюзаў і абласныя Саветы прафсаюзаў. Стварэнне саветаў прафсаюзаў палепшыла кіраўніцтва прафесійным рухам у Рэспубліцы, павысіла яго ролю ў сацыялістычным будаўніцтве. Прафсаюзы ўзначальвалі сацыялістычныя спаборніцтвы, прыцягвалі працоўных да кіравання вытворчасцю, да ўдзелу ў грамадска-­палітычным жыцці, клапаціліся аб паляпшэнні ўмоў працы і побыту насельніцтва.

Важную ролю ў грамадскім жыцці адыгрываў Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі (ЛКСМБ). Камсамол з’яўляўся масавай арганізацыяй, якая аб’ядноўвала большасць юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў, якія працавалі або вучыліся. У сваёй большасці яны ўспрымалі ўласную дзейнасць як служэнне Радзіме, таму энтузіязм і натхненне былі адметнай рысай камсамольскага жыцця. У сакавіку 1947 г. адбыўся XV (першы пасля вайны), а ў лютым 1949 г. XVІ з’езд ЛКСМБ. Непасрэднае кіраўніцтва яго працай у гэтыя гады ажыццяўлялася першымі сакратарамі ЦК ЛКСМБ К. Т. Мазуравым (з 1946 г.) і П. М. Машэравым (з 1947 г.).

3. Асаблівасці грамадска-­палітычнай сітуацыі ў заходніх раёнах Беларусі

Своеасабліва складвалася пасляваенная сітуацыя ў заходнім рэгіёне Беларусі. Тут пераважалі аднаасобныя сялянскія гаспадаркі, уладальнікі якіх складалі больш за 80 % насельніцтва. Прымусовае стварэнне калгасаў выклікала пэўную незадаволенасць. Палітычная сітуацыя ў заходніх абласцях Беларусі ўскладнялася тым, што аж да сярэдзіны 1950‑х гг. там дзейнічалі польскія нацыяналістычныя фарміраванні, якія наводзілі страх на мясцовае насельніцтва.

На адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі паставілі сябе былыя жаўнеры Арміі Краёвай пад камандаваннем Рамуальда Райса («Бурага»). Дакументальна пацверджаны выпадкі правядзення імі карных рэйдаў па знішчэнні цэлых вёсак, забойствы мясцовага насельніцтва, а таксама партыйных і камсамольскіх актывістаў, лекараў, настаўнікаў, вайскоўцаў.

У пасляваенныя гады ўзмацніўся ідэалагічны кантроль органаў улады ва ўсіх галінах навукі, культуры, грамадска-­палітычнага жыцця. Органамі дзяржбяспекі ў 1947 г. на тэрыторыі рэгіёну быў выкрыты шэраг падпольных моладзевых беларускіх нацыяналістычных арганізацый, якія ў асноўным складаліся з настаўнікаў і навучэнцаў. Удзельнікі гэтых арганізацый былі асуджаныя за антысавецкую дзейнасць.

Партыйныя, савецкія і камсамольскія органы вялі сярод сялян заходніх абласцей шырокую масава-­палітычную працу, тлумачылі палітыку савецкай улады, сутнасць і значэнне праводзімых ёю мерапрыемстваў. Расла колькасць сялянскіх партыйных арганізацый. Пад кіраўніцтвам партыйных структур працавалі агіткалектывы і групы дакладчыкаў. Шмат увагі надавалася камуністычнаму выхаванню жанчын.

Усю працу па пераводзе індывідуальных сялянскіх гаспадарак гэтых абласцей на шлях калектыўнага земляробства ўзначаліла КП(б)Б, якая выкарыстала вопыт калектывізацыі 1930‑х гг. Сацыялістычнаму будаўніцтву ў заходніх абласцях аказвалі ўпартае супраціўленне кулацтва, частка каталіцкага духавенства, а таксама нацыяналістычныя элементы. Яны праводзілі сваю прапаганду, запалохвалі насельніцтва, здзяйснялі дыверсіі і акты шкодніцтва. Органы савецкай улады актыўна змагаліся з гэтымі праявамі.

Пытанні і заданні

1. Ахарактарызуйце грамадска-­палітычнае жыццё ў БССР у другой палове 1940‑х — ​першай палове 1950‑х гг.
2. Прывядзіце прыклады ўзмацнення кіруючай ролі КП (б)Б у пасляваенны перыяд.
3. Чым тлумачыліся асаблівасці грамадска-­палітычнай сітуацыі ў заходніх раёнах Беларусі?