§ 5–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1940‑х — ​першай палове 1950‑х гг.

1. Роля КП (б)Б у пасляваенным аднаўленні Рэспублікі

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны захоўваліся адзіная дзяржаўная ідэалогія, аднапартыйная палітычная сістэма. Найважнейшай задачай у гэты перыяд было ў самыя кароткія тэрміны ліквідаваць шкоду, нанесеную нацысцкімі агрэсарамі. У такіх умовах менавіта КП (б)б разгарнула арганізацыйную і масава-­палітычную працу па мабілізацыі намаганняў на выкананне заданняў чацвёртага пяцігадовага плана. Партыя вялікую ўвагу надавала ўмацаванню партыйных арганізацый, рашэнні якіх з’яўляліся абавязковымі не толькі для іх членаў, але і для ўсіх дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый. У той час першым сакратаром ЦК КП (б)б (да 1947 г.) і кіраўніком урада БССР (да 1948 г.) быў П. К. Панамарэнка, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў Цэнтральны штаб партызанскага руху.

У 1945–1946 гг. прадстаўнікі партыйных структур дзейнічалі на ўсіх буйных прадпрыемствах рэспублікі, за першы год колькасць першасных партыйных арганізацый вырасла ў 5,5 разы. Партыйныя арганізацыі правялі вялікую працу па прыёме ў партыю новых членаў.

КП (б)Б прымала меры па развіцці ўнутрыпартыйнай працы і павышэнні актыўнасці камуністаў, абмежаванні арганізаванага цэнтрызму, які ўзмацняўся. Пачалі рэгулярна праводзіцца пленумы ЦК КП (б)Б, абкамаў, гаркамаў і райкамаў партыі, сходы першасных партыйных арганізацый, што адыграла ролю ў павышэнні актыўнасці камуністаў, узмацненні ўплыву партыі на масы.

Ужо ў студзені 1947 г. ЦК ВКП (б) адзначыў поспехі пасляваеннага будаўніцтва, партыйна-­палітычнай, гаспадарчай і культурнай працы. У яго пастанове была намечана шырокая праграма дзейнасці партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў Рэспублікі.

У першыя пасляваенныя гады ў Беларусі наглядаўся недахоп вопытных кіраўнікоў. Многія з іх загінулі ў баях з нямецка-­фашысцкімі захопнікамі. З мэтай падрыхтоўкі палітычных кадраў з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва ў Мінску пры ЦК КП (Б)б былі адкрыты Рэспубліканская партыйная школа і шэраг іншых партыйных навучальных устаноў.

У гэтых умовах дзейнасць партыйна-­дзяржаўнай улады ў БССР у разгляданы перыяд кантралявалася саюзным кіраўніцтвам. Яно ажыццяўляла і прызначэнні на галоўныя кіроўныя пасады ў рэспубліцы. Пры гэтым перавага аддавалася кадрам з іншых саюзных рэспублік.

Важнай падзеяй у 1949 г. стаў ХІХ з’езд КП (б)Б, які праходзіў 15–18 лютага. З’езд ухваліў палітычную лінію і практычную дзейнасць партыі, падвёў вынікі мінулай пяцігодкі. 19 лютага на пленуме ЦК КП (б)Б першым сакратаром партыі быў абраны М. І. Гусараў, які кіраваў Рэспублікай да 1950 г. і быў накіраваны туды з РСФСР. У 1950 г. пасаду першага сакратара ЦК КП (б)б заняў М. С. Патолічаў (1950–1956 гг.), таксама выхадзец з РСФСР.

У кастрычніку 1952 г. адбыўся ХІХ з’езд камуністычнай партыі, які перайменаваў ВКП(б) у КПСС.