§ 4. Грамадска-­палітычнае жыццё ў 1920 — ​я‑1930‑я гг. у БССР

3. Палітычныя рэпрэсіі

У канцы 1920-х гг. кіраўніцтва Камуністычнай партыі на чале з І. В. Сталіным узяло курс на фарсіраваную індустрыялізацыю прамысловасці і калектывізацыю сельскай гаспадаркі. Гэта запатрабавала мабілізацыі высілкаў усяго насельніцтва краіны і забеспячэння абсалютнай падтрымкі дзяржаўнай палітыкі. У той жа час у савецкім грамадстве і партыі абвастрыліся супярэчнасці па пытаннях аб кірунках грамадска-палітычнага развіцця краіны і шляхах пабудовы сацыялізму ў СССР. Разгарнулася барацьба з праціўнікамі палітычнага курсу Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, у гістарыяграфіі вядомая пад назвай «палітычныя рэпрэсіі».

Сярод рэпрэсаваных былі тыя, хто ажыццяўляў канкрэтныя дзеянні, накіраваныя супраць існуючага ладу: вёў контррэвалюцыйную агітацыю, займаўся шкодніцтвам у калгасах і на прадпрыемствах, удзельнічаў у антысавецкіх і паўстанцкіх арганізацыях. Але пацярпела і шмат невінаватых людзей, сярод іх партыйныя і дзяржаўныя работнікі, інтэлігенцыя, рабочыя і сяляне.

У нацыянальных рэспубліках палітычная барацьба абярнулася рэпрэсіямі супраць так званых носьбітаў «мясцовага буржуазнага нацыяналізму». Ахвярамі часта надуманых і сфабрыкаваных абвінавачванняў сталі дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі дзяржаўных і партыйных органаў у рэспубліках.

У БССР была сфабрыкавана справа аб «Саюзе вызвалення Беларусі». У 1931 г. за прыналежнасць да гэтай арганізацыі было асуджана 86 чалавек.

За перыяд з 1920-х па 1950-я гг. у Беларусі было рэпрэсавана 235,5 тыс. чалавек. У ходзе рэабілітацыі, што пачалася пасля смерці І. В. Сталіна, было апраўдана больш за 170 тыс. грамадзян, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій.