§ 4. Грамадска-­палітычнае жыццё ў 1920 — ​я‑1930‑я гг. у БССР

2. Фарміраванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы

У 1920–1930-я гг. склаліся асноўныя рысы грамадска-палітычнай сістэмы беларускага савецкага грамадства. Яе аснову складалі Саветы ўсіх узроўняў, што было заканадаўча замацавана ў Канстытуцыях СССР і БССР.

Так, у Канстытуцыі БССР 1937 г. дэкларавалася, што ўся ўлада ў БССР належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады рэспублікі абвяшчаўся Вярхоўны Савет БССР, які абіраў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і ствараў урад — ​Савет Народных Камісараў (СНК) БССР. Вярхоўны Савет БССР з’яўляўся правапераемнікам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) БССР, да 1978 г. абіраўся грамадзянамі БССР па выбарчых акругах тэрмінам на 4 гады.

Вядучая роля ў савецкай грамадска-палітычнай сістэме адводзілася Камуністычнай партыі. Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) уваходзіла ў склад Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (ВКП(б)). Яна вызначала асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, арганізоўвала іх выкананне, кантралявала ўсю вертыкаль улады. Пад кіраўніцтвам кампартыі працавалі органы дзяржаўнай улады і кіравання, а таксама грамадскія арганізацыі.

У сярэдзіне 1920-х гг. у БССР усталявалася аднапартыйная сістэма кіравання. Некамуністычныя партыі і грамадскія рухі перасталі існаваць. Шмат у чым гэтаму садзейнічалі поспехі ў ажыццяўленні новай эканамічнай палітыкі (нэпа) і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, а таксама аб’яўленая амністыя.

У 1921 г. спыніў сваю дзейнасць Бунд, частка яго членаў улілася ў склад КП(б)Б. У 1924 г. самараспусцілася Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1925 г. на канферэнцыі ў Берліне Рада БНР аб’явіла аб самароспуску і спыненні барацьбы з савецкай уладай. БССР была прызнана цэнтрам кансалідацыі беларускага народа. У сувязі з трэцяй гадавіной вызвалення Мінска ад польскай акупацыі 11 ліпеня 1923 г. улады БССР аб’явілі амністыю. Амністыя датычылася ўдзельнікаў антысавецкіх нацыянальных арганізацый — ​выхадцаў з працоўных слаёў народа, беларускіх палітычных і культурных дзеячаў, якія аб’явілі аб лаяльным стаўленні да савецкай улады. Многія з выбітных дзеячаў БНР вярнуліся на Радзіму, дзе працавалі на глебе культуры, асветы і навукі, займалі дзяржаўныя пасады, прымалі актыўны ўдзел у ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі.

У выніку ленінскіх заклікаў 1924–1925 гг. КП(б)Б папоўнілася за кошт рабочых «ад станка» і сялян «ад сахі». Адначасова пачала ўсталёўвацца жорсткая цэнтралізацыя кіравання ўнутры партыі, а паколькі яна стала кіруючай, то і ў цэлым у краіне.

Рэзервам і памочнікам Камуністычнай партыі абвяшчаўся Усесаюзны Ленінскі Камуністычны саюз моладзі (УЛКСМ). Да 1940 г. Ленінскі Камуністычны Саюз моладзі Беларусі налічваў каля 164 тысяч чалавек.

Сувязным звяном паміж партыяй і рабочымі былі прафсаюзы — ​масавыя добраахвотныя арганізацыі, якія адстойвалі інтарэсы працоўных перад адміністрацыяй. У 1937 г. прафсаюзы БССР аб’ядноўвалі ў сваіх шэрагах больш за 500 тыс. чалавек, пры гэтым прафсаюзы ў калгасах і войску не ствараліся.

У сярэдзіне 1930-х гг. ва ўсіх сферах грамадскага жыцця ў СССР адбыліся вялікія змены. Савецкае кіраўніцтва на чале з І. В. Сталіным прыйшло да высновы аб тым, што ў СССР да сярэдзіны 1930-х гг. былі пабудаваны асновы сацыялізму.

СССР імкнуўся прадэманстраваць усяму свету поспехі і перавагі сацыялістычнага ладу. 5 снежня 1936 г. была прынята новая Канстытуцыя СССР. Новая Канстытуцыя БССР 1937 г. цалкам ёй адпавядала.
Канстытуцыя БССР 1937 г. абвяшчала БССР сацыялістычнай дзяржавай рабочых і сялян. У Канстытуцыі 1937 г. было пашырана кола правоў і свабод грамадзян, намечаны пераход да падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.