§ 3–3. Афармленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове
4. Утварэнне ССР Літвы і Беларусі. Другое абвяшчэнне ССРБ
16 студзеня 1919 г. ЦК РКП (б) прыняў рашэнне аб перадачы Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў са складу ССРБ у склад РСФСР. Астатнюю частку ССРБ было прапанавана аб’яднаць з савецкай рэспублікай Літвы ў Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Літвы і Беларусі. ЦК РКП (б), робячы такі крок, лічыў, што, аб’яднаўшыся, дзве невялікія Рэспублікі змаглі б больш эфектыўна супрацьстаяць захопніцкім памкненням Польшчы. Акрамя таго, ва ўмовах грамадзянскай вайны і пераходу да палітыкі «ваеннага камунізму» захаванне Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў у складзе ССРБ стварала дадатковыя цяжкасці для функцыянавання традыцыйна склаўшыхся гаспадарчых сувязяў гэтых губерняў з цэнтрам Савецкай Расіі.
Важную ролю ў далейшым развіцці працэсу будаўніцтва беларускай дзяржавы на савецкай аснове адыграў І з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Беларусі, які адбыўся 2–3 лютага 1919 г. у Мінску ў памяшканні гарадскога тэатра. Ганаровымі членамі прэзідыума былі абраныя У. І. Ленін і старшыня УЦВК Я. М. Свярдлоў, які выступіў на з’ездзе з прывітальнай прамовай. Ён зачытаў пастанову УЦВК аб прызнанні ССРБ і заявіў, што РСФСР заўсёды гатовая аказаць ССРБ брацкую дапамогу і падтрымку.
На з’ездзе была прынятая Канстытуцыя ССРБ, узорам для якой стала Канстытуцыя РСФСР 1918 г. Канстытуцыя заканадаўча замацоўвала прынцыпы дзяржаўнага і эканамічнага ладу Беларусі. Вышэйшым органам улады прызнаваўся Усебеларускі з’езд саветаў, а ў перыяд паміж з’ездамі — Цэнтральны Выканаўчы камітэт (ЦВК) ССРБ. Былі зацверджаны герб і сцяг. З’езд вызначыў тэрыторыю Савецкай Беларусі ў складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў перадавалася ў склад РСФСР.
На з’ездзе была прынятая Дэкларацыя аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Беларусі і Літвы ў адну дзяржаву — ССР Літвы і Беларусі (Літбел), якая павінна была стаць дзяржавай-буферам паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.
27 лютага 1919 г. у Вільні адбылося першае пасяджэнне ЦВК Беларусі і Літвы. На ім быў абрана аб’яднаны ўрад — Савет Народных Камісараў Літоўска-Беларускай ССР. Яго старшынёй стаў В. Міцкявічус-Капсукас. Сталіцай новага аб’яднання было вырашана зрабіць Вільню. У склад Літбел увайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкскай губерняў. Сталіцай новай дзяржавы было вырашана зрабіць Вільню.
У пачатку сакавіка 1919 г. адбыўся аб’яднаны з’езд камуністычных партый Літвы і Беларусі, які пастанавіў аб’яднаць іх у адзіную Камуністычную партыю Літвы і Беларусі.
Аднак Літбел праіснавала нядоўга. Акупацыя восенню 1919 г. амаль усёй яе тэрыторыі войскамі Польшчы фактычна спыніла існаванне гэтай рэспублікі.
Улетку 1920 г. пачалося вызваленне беларускіх зямель ад польскіх акупантаў. Ужо 11 ліпеня 1920 г. быў вызвалены Менск, і 31 ліпеня ў ім другі раз была абвешчаная незалежнасць ССРБ. Другая Дэкларацыя аб яе незалежнасці аднаўляла ўсе палажэнні, выкладзеныя ў маніфесце ад 1 студзеня 1919 г.
18 сакавіка 1921 г. у Рызе паміж РСФСР, Украінай і Польшчай без удзелу беларускай дэлегацыі быў падпісаны мірны дагавор. Інтарэсы БССР на мірных перамовах прадстаўляла дэлегацыя РСФСР. Па ўмовах мірнай дамовы тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польшчы. Савецка-польская мяжа праходзіла ў 30 км ад Мінска. У складзе ССРБ засталося толькі шэсць паветаў Мінскай губерні, на тэрыторыі якіх пражывала каля 1,6 млн чалавек. Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад РСФСР.