§ 3–3. Афармленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове
3. Маніфест Часовага ўрада Беларусі ад 1 студзеня 1919 г. аб стварэнні ССРБ
1 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. Ён абвясціў утварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ) і асноўныя палажэнні яе дзяржаўнага складу. У Маніфесце гаварылася, што ўся ўлада ў Беларусі належыць толькі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Усе землі, інвентар, нетры, чыгункі, фабрыкі, заводы і банкі станавіліся здабыткам народа. Маніфест заклікаў працоўных абараніць заваёвы сацыялістычнай рэвалюцыі. Аблвыкамзах склаў свае паўнамоцтвы. Заходняя вобласць была скасавана.
Дзень апублікавання Маніфеста — 1 студзеня 1919 г. — стаў днём нараджэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (у далейшым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі — БССР). Пятага студзеня 1919 г. Часовы рабоча-сялянскі ўрад ССРБ прыняў пастанову аб пераездзе са Смаленска ў Мінск. З гэтага дня Мінск стаў сталіцай ССРБ.
З першых дзён сваёй дзейнасці Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі надаваў вялікую ўвагу пытанням арганізацыі абароны рэспублікі. Прымаліся меры да наладжванні працы прадпрыемстваў і скарачэння беспрацоўя, па аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідаў вайны і працы.
Па ўсёй Беларусі вялася падрыхтоўка да І з’езду Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Беларусі, які павінен быў заканадаўча аформіць утварэнне ССРБ. Былі праведзены валасныя, павятовыя і губернскія з’езды саветаў, на якіх былі абраныя выканкамы саветаў і дэлегаты на І з’езд саветаў. Працоўныя Беларусі дэлегатамі на з’езд саветаў паслалі сваіх прадстаўнікоў, даручыўшы ім вырашаць найважнейшыя пытанні дзяржаўнага будаўніцтва.