§ 3–2. Спробы рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў 1917–1918 гг.

4. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі

Пасля разгону І Усебеларускага з’езда частка делегатаў, якая не была арыштавана, прыняла рашэнне аб стварэнні Выканкама Рады Усебеларускага з’езда, якому было даручана працягваць працу.

У сувязі з наступленнем германскіх войскаў органы савецкай улады ў ноч з 19 на 20 лютага 1918 г. спешна пакінулі Мінск і пераехалі ў Смаленск.

У гэтых умовах Выканкам Рады Усебеларускага з’езда 21 лютага 1918 г. прыняў Першую Статутную грамату, у якой абвясціў сябе вышэйшай уладай на тэрыторыі Беларусі. З членаў Выканкама быў створаны Народны сакратарыят Беларусі (на чале з Я. Варонкам), які стаў першым беларускім урадам.

Будучы не ў стане спыніць нямецкае наступленне, урад Савецкай Расіі 3 сакавіка 1918 г. пайшоў на заключэнне мірнага дагавора ў Брэст-Літоўску. Па ўмовах Брэсцкага мірнага дагавора большая частка Беларусі па-ранейшаму заставалася пад нямецкай акупацыяй. 9 сакавіка 1918 г. Другой Статутнай граматай была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18 сакавіка Выканкам Рады Усебеларускага з’езда быў рэарганізаваны ў Раду БНР як вышэйшы заканадаўчы орган. 25 сакавіка 1918 г. Трэцяй Статутнай граматай БНР была абвешчана «незалежнай свабоднай дзяржавай». Трэцяя Статутная грамата была акцыяй пратэсту супраць Брэсцкага міру, які знішчаў тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. У якасці сімвалаў былі прынятыя герб «Пагоня» і бел-чыр­вона-белы сцяг.

Германія юрыдычна не прызнала незалежнасць БНР, аднак акупацыйныя ўлады прадаставілі ёй некаторыя паўнамоцтвы ў сферы гандлю, адукацыі і сацыяль­нага забеспячэння.

Рада БНР, каб дабіцца прызнання незалежнасці, 26 красавіка 1918 г. даслала тэлеграму германскаму імператару Вільгельму II, у якой выразіла ўдзячнасць «за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі». Такое рашэнне Рады выклікала палітычны крызіс. Раду пакінулі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў, яўрэйскіх сацыя­лістаў.

Рэалізаваць ідэі аб нацыянальнай свабодзе і дзяржаўнай самастойнасці ў БНР не атрымалася. Рэальнай дзяржавай БНР не стала, паколькі цалкам падпарадкоўвалася нямецкай акупацыйнай адміністрацыі і дзейнічала ў межах усталяваных кампетэнцый (адукацыя, гандаль і інш.).