§ 3–2. Спробы рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў 1917–1918 гг.

2. Пазіцыя абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці і фронту па беларускім пытанні

Галоўным для беларускага народа ў той момант было спыненне ваенных дзеянняў на яго тэрыторыі. У лістападзе 1917 г. было заключана перамір’е паміж расійскімі і германскімі вой­скамі ў Беларусі. Прадстаўнікі мясцовых грамадзянскіх улад не ўдзельнічалі ў распрацоўцы і падпісанні гэтага перамір’я, і будучыня Беларусі ў гэтых дакументах не агаворвалася.

У аснове дзеянняў беларускіх нацыянальна-­палітычных сіл розных лагераў у канцы 1917 г. ляжала імкненне не дапусціць падзелу Беларусі. Аднак адзінства падыходаў да гэтага пытання не было.

У пачатку снежня 1917 г. СНК Расіі выказаў зацікаўленасць у стварэнні аўтаномнай беларускай дзяржавы ў складзе Савецкай Расіі. Такі крок дазволіў бы вырашыць пытанне аб вяртанні акупаваных Германіяй тэрыторый заходняй часткі Беларусі ў склад Расіі на аснове нацыянальнага самавызначэння.

Абапіраючыся на «Дэкларацыю правоў народаў Расіі», абвешчаную 2 лістапада 1917 г., Вялікая беларуская рада ў Мінску, беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе і II з’езд бежанцаў-­беларусаў у Маскве звярнуліся з заклікам да беларускага народа сабраць I Усебеларускі з’езд для вырашэння пытання дзяржаўнага будаўніцтва і вызначэння прынцыпаў узаемаадносін Беларусі і Расіі.

Абласны выканаўчы камітэт Заходняга фронту, створаны ў лістападзе 1917 г., выступаў супраць нацыянальнага самавызначэння беларускай нацыі, зыходзячы з прынцыпу надыходзячай сусветнай рэвалюцыі. Кіраўнікі рэгіёну лічылі, што сапраўднае самавызначэнне — ​«самавызначэнне працоўных» — ​ужо адбылося праз рэгіянальныя савецкія структуры, і з гэтага часу лозунг аб праве нацый на самавызначэнне служыў інтарэсам толькі нацыянальнай буржуазіі і памешчыкаў, але ніяк не працоўных. Сітуацыя прызнання нацыянальнага руху з іх боку азначала б фактычнае двоеўладдзе на падкантрольнай тэрыторыі, чаму яны супраціўляліся.