§ 3–1. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. як пачатак новага этапу ў развіцці Беларусі
6. Першыя рэвалюцыйныя пераўтварэнні
Бальшавіцкая партыя прыйшла да ўлады з праграмай сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. Адным з першых мерапрыемстваў стала ўстанаўленне рабочага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем прадуктаў. Да пачатку 1918 г. такі кантроль быў усталяваны на заводах і фабрыках беларускіх гарадоў, што падрыхтоўвала пераход да цэнтралізаванага кіравання прамысловасцю. Былі арганізаваны абласныя, губернскія і павятовыя Саветы народнай гаспадаркі. Імі кіраваў Вышэйшы савет народнай гаспадаркі, які дзейнічаў пад кантролем адпаведных мясцовых Саветаў.
У канцы снежня 1917 г. у Беларусі былі нацыяналізаваны прыватныя банкі, пачалася нацыяналізацыя буйных прыватных прадпрыемстваў. Устанаўліваўся 8‑гадзінны рабочы дзень, уводзіліся сацыяльнае страхаванне рабочых і бясплатная медыцынская дапамога.
Пачала ажыццяўляцца зямельная праграма. Памешчыцкія маёнткі канфіскавалі і перадавалі ў распараджэнне валасных зямельных камітэтаў i павятовых сялянскіх саветаў. Зямельныя надзелы перадаваліся ў бязвыплатнае карыстанне сялянам, пры гэтым яны былі вызваленыя ад выплаты выкупаў, падаткаў і даўгоў.
У канцы 1917 г. — пачатку 1918 г. пачалі арганізоўвацца першыя савецкія гаспадаркі (саўгасы) і першыя калектыўныя гаспадаркі-камуны і арцелі.
Пачалося культурнае будаўніцтва. Было ўведзена бясплатнае навучанне. Адкрываліся школы і бібліятэкі.
Першыя рэвалюцыйныя пераўтварэнні стварылі неабходныя ўмовы для разгортвання сацыялістычнага будаўніцтва.