§ 3–1. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. як пачатак новага этапу ў развіцці Беларусі
5. Стварэнне органаў дзяржаўнай улады і кіравання
Вялікае значэнне для ўмацавання савецкай улады ў Беларусі і стварэння новага дзяржаўнага апарату мелі «дэкларацыя правоў народаў Расіі» і «Дэкларацыя правоў працоўных і эксплуатуемага народа». Гэтыя дакументы абвясцілі адносіны раўнапраўя і дружбы народаў, паставіўшы асноўнай задачай пабудову сацыялізму.
Бальшавікі Беларусі разгарнулі работу па замацаванні перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі. На працягу лістапада 1917 г. — лютага 1918 г. былі ліквідаваныя буржуазныя органы самакіравання. Ствараўся новы, савецкі дзяржаўны апарат.
Бальшавіцкія арганізацыі на тэрыторыі Беларусі ўзначальваў паўночна-заходні абласны камітэт РСДРП(б), старшынёй якога быў А. Мяснікоў.
Вялікую ролю ва ўмацаванні савецкай улады ў Беларусі адгралі абласны з’езд Саветаў рабочых дэпутатаў, з’езд франтавых салдацкіх і з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў. Гэтыя з’езды адбыліся ў Мінску 19–24 лістапада 1917 г. У сваіх рашэннях яны віталі перамогу рэвалюцыі і прызнавалі новы рабоча-сялянскі ўрад. З’езды абвясцілі аб сваім аб’яднанні — да таго моманту яны існавалі асобна.