§ 3–1. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. як пачатак новага этапу ў развіцці Беларусі

4. Кастрычніцкая рэвалюцыя. Асаблівасці ўстанаўлення савецкай улады ў Беларусі

Паўстанне пад кіраўніцтвам партыі бальшавікоў у Петраградзе пачалося ў ноч з 24 на 25 кастрычніка 1917 г. Часовы ўрад быў звергнуты, улада перайшла ў рукі Ваенна-­рэвалюцыйнага камітэта. У гэты ж час выканкам Мінскага Савета вызваліў з турмы палітычных зняволеных. З іх быў сфарміраваны рэвалюцыйны полк. Абапіраючыся на ўзброеных рабочых і салдат, Прэзідыум Мінскага Савета выдаў загад № 1, у якім абвясціў аб пераходзе ўлады ў Мінску ў рукі Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым узяў пад кантроль вакзал, пошту і тэлеграф, адправіў сваіх камісараў ва ўсе дзяржаўныя ўстановы горада і штаб Заходняга фронту, устанавіў цэнзуру над газетамі, якія выходзілі.

У Петраградзе ІІ Усерасійскі з’езд саветаў узяў уладу ў свае рукі. Ад працоўных Беларусі ў ім удзельнічаў 51 дэлегат. На з’ездзе былі прыняты Дэкрэт аб міры і Дэкрэт аб зямлі, быў сфарміраваны савецкі ўрад. У кастрычніцкім ўзброеным паўстанні прымалі ўдзел і чырвонагвардзейцы Беларусі, якія разам з бальшавікамі Петраграда ўдзельнічалі ў штурме Зімовага палаца. Сацыялістычная рэвалюцыя перамагла і ў Беларусі.

Ужо апоўдні 25 кастрычніка бальшавікі Мінска па радыё паведамілі аб перамозе сацыялістычнай рэвалюцыі. Пачаўся працэс усталявання савецкай улады на месцах, і барацьба разгарнулася па ўсёй Беларусі.

Для распаўсюджвання савецкай улады на ўсю тэрыторыю Беларусі і Заходні фронт 27 кастрычніка пры Мінскім Савеце па рашэнні Паўночна-­Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б) быў створаны рэвалюцыйны камітэт (у пачатку лістапада 1917 г. быў ператвораны ў ваенна-­рэвалюцыйны камітэт Паўночна-­Заходняй вобласці і Заходняга фронту). Старшынёй камітэта быў прызначаны А. Мяснікоў, членамі сталі В. Кнорын, К. Ландэр і інш.

Супраць пераходу ўлады ў Петраградзе і Мінску ў рукі Саветаў, якія ў асноўным складаліся з бальшавікоў, выступілі меншавікі, эсэры, Бунд, усе беларускія нацыянальныя палітычныя партыі і арганізацыі. Яны стварылі 27 кастрычніка 1917 г. свой аб’яднаны цэнтр — ​Камітэт выратавання рэвалюцыі.

Маючы перавагу ў сілах, Камітэт выратавання рэвалюцыі запатрабаваў ад Мінскага Савета перадаць яму ўладу ў горадзе. Аднак 1 лістапада 1917 г. у Мінск прыбылі атрады рэвалюцыйных салдат. Яны ўзялі Мінскі Савет пад ахову. Рэвалюцыйны камітэт, абапіраючыся на ўзброеныя атрады рабочых і салдат, распусціў Камітэт выратавання рэвалюцыі і заняў штаб Заходняга фронту. У той жа дзень старшыня Паўночна-­Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б) А. Мяснікоў паведаміў у Петраград, што рэвалюцыйны пераварот у Мінску завяршыўся. Увечары 2 лістапада ў гарадскім тэатры адбыўся сход Мінскага Савета. Ён адобрыў распрацаваныя Ваенна-­рэвалюцыйным камітэтам (ВРК) Заходняй вобласці і фронту мерапрыемствы па ажыццяўленні дэкрэтаў II Усерасійскага з’езда Саветаў і прыняў рэзалюцыю аб устанаўленні савецкай улады ў Мінску.

На працягу кастрычніка-­лістапада 1917 г. савецкая ўлада была ўсталяваная на ўсёй неакупаванай тэрыторыі Беларусі. Даўжэй за ўсё працэс ўстанаўлення савецкай улады праходзіў у Магілёве, дзе месцілася стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, вакол якой канцэнтраваліся контррэвалюцыйныя сілы. 20 лістапада 1917 г. выконваючы абавязкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага М. М. Духонін быў змешчаны з пасады і арыштаваны.