§ 3–1. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. як пачатак новага этапу ў развіцці Беларусі
3. Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу
Лютаўская рэвалюцыя не вырашыла галоўных сацыяльна-эканамічных праблем. Па-ранейшаму былі абаронены інтарэсы буйных прамыслоўцаў, банкіраў і памешчыкаў, Расія не выйшла з вайны, не былі ліквідаваны памешчыцкае землеўладанне, нацыянальны прыгнёт, не быў уведзены 8‑гадзінны працоўны дзень. Такі зыход Лютаўскай рэвалюцыі падтрымлівалі меншавікі, эсэры і іншыя партыі. Бальшавікі ж у гэты перыяд ставілі сваёй задачай вядзенне далейшай рэвалюцыйнай барацьбы.
У красавіку 1917 г. са сваімі тэзісамі на Усерасійскай партыйнай канферэнцыі выступіў У. І. Ленін. У іх была сфармуляваная ідэя далейшай барацьбы бальшавікоў за сацыялістычныя пераўтварэнні. Працоўным масам настойліва тлумачылася, што толькі пераход усёй улады ў рукі Саветаў забяспечыць мір, дасць народу зямлю, хлеб, волю.