§ 2–3. Беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ ст.
3. Праекты афармлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці падчас Першай сусветнай вайны
Некаторыя з былых кіраўнікоў БСГ (браты Луцкевічы, В. Ластоўскі) у гады Першай сусветнай вайны засталіся ў акупаванай немцамі ў 1915 г. Вільні і ўзначалілі Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны, які стаў цэнтрам нацыянальнага руху на акупаванай тэрыторыі Заходняй Беларусі. Падчас Першай сусветнай вайны было вылучана некалькі праектаў рэалізацыі беларускай дзяржаўнасці.
Акупацыйныя ўлады на словах падтрымлівалі ідэю БНК аб адраджэнні ВКЛ, бо імкнуліся выкарыстоўваць нацыянальныя рухі для ўмацавання сваёй улады на захопленых тэрыторыях. Аднак у планы Германіі не ўваходзіла стварэнне незалежнай літоўска-беларускай дзяржавы.
Забяспечыць незалежнасць маладых дзяржаў ад Польшчы і Расіі, узмацніць абараназдольнасць і дапамагчы аднаўленню разбуранай падчас вайны эканомікі, на думку А. Луцкевіча, мог Балтыйска-Чарнаморскага саюз незалежных дзяржаў Беларусі, Літвы, Латвіі і Украіны. З гэтай ідэяй беларуская дэлегацыя на чале з В. Ластоўскім выступіла ў 1916 г. на міжнародных канферэнцыях народаў Расіі ў Стакгольме і Лазане.
У 1917 г. група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху на чале з В. Ластоўскім выступіла за поўную дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах.