Печатать книгуПечатать книгу

§ 2–3. Беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ ст.

1. Якая нацыянальная партыя была створана на тэрыторыі Беларусі ў пачатку XX ст.?

2. Якімі былі патрабаванні гэтай партыі па нацыянальным пытанні?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 2–3. Беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 15 Январь 2025, 09:24

1. Праграмныя патрабаванні Беларускай сацыялістычнай грамады̀

Пачатак ХХ ст. адзначаны ўздымам і беларускага нацыянальнага руху. У 1903 г. адбыўся з’езд Беларускай сацыялістычнай грамады́ (БСГ). Гэта была першая беларуская нацыянальная палітычная партыя. Арганізатары БСГ — ​браты І. і А. Луцкевічы, В. Іваноўскі, А. Пашкевіч (Цётка), А. Бурбіс і інш.

БСГ выступала за пераход усіх асноўных сродкаў вытворчасці, зямлі ў грамадскую ўласнасць, права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі без выкарыстання наёмнай працы, васьмігадзінны працоўны дзень, бясплатную медыцынскую дапамогу. У палітычнай сферы яна патрабавала раўнапраўя людзей, прамога, усеагульнага, роўнага выбарчага права з тайным галасаваннем, свабоды друку, слова, сходаў і г. д.

2. Дзейнасць газеты «Наша Ніва»

У 1906 г. у Вільні выйшла ў свет першая легальная беларуская газета «Наша Доля», якая была неафіцыйным органам БСГ. Газета выклікала вялікую цікавасць у беларускай інтэлігенцыі. Аднак толькі два з шасці выпушчаных нумароў змаглі дайсці да чытача, астатнія былі канфіскаваныя паліцыяй, і газета была зачынена.

Тады па ініцыятыве братоў Луцкевічаў была створана газета «Наша Ніва», якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху. Газета выдавалася з лістапада 1906 г. па жнівень 1915 г. у Вільні на беларускай мове, спачатку кірыліцай і лацінкай. З 1912 г. у сувязі з абмежаванасцю сродкаў друкавалася на кірыліцы, за што выказалася большасць яе падпісчыкаў. Газета арыентавалася ў першую чаргу на сялянства, яе папулярнасць паступова расла. Рэдактарамі выдання ў розны час былі А. Уласаў і Я. Купала.

«Наша Ніва» адыграла важную ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху і беларускай літаратурнай мовы. На яе старонках друкаваліся карэспандэнцыі жыхароў вёсак, мястэчак і гарадоў, публікаваліся творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і іншых беларускіх пісьменнікаў. Пры газеце працавала выдавецтва, якое з 1910 г. наладзіла выпуск папулярнага сярод вяскоўцаў «Беларускага календара», з 1912 г. — ​сатырычнага часопіса «Крапіва».

Для дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, якія групаваліся вакол «Нашай Нівы», важнымі пытаннямі былі нацыя і дзяржаўнасць. На старонках выдання тэарэтычна былі распрацаваны асновы аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай імперыі па ўзоры Фінляндыі, вызначаны асноўныя формы дзяржаўнага ладу. Газета выступала за скасаванне саслоўяў і шырокае мясцовае самакіраванне.

3. Праекты афармлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці падчас Першай сусветнай вайны

Некаторыя з былых кіраўнікоў БСГ (браты Луцкевічы, В. Ластоўскі) у гады Першай сусветнай вайны засталіся ў акупаванай немцамі ў 1915 г. Вільні і ўзначалілі Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны, які стаў цэнтрам нацыянальнага руху на акупаванай тэрыторыі Заходняй Беларусі. Падчас Першай сусветнай вайны было вылучана некалькі праектаў рэалізацыі беларускай дзяржаўнасці.

Акупацыйныя ўлады на словах падтрымлівалі ідэю БНК аб адраджэнні ВКЛ, бо імкнуліся выкарыстоўваць нацыянальныя рухі для ўмацавання сваёй улады на захопленых тэрыторыях. Аднак у планы Германіі не ўваходзіла стварэнне незалежнай літоўска-­беларускай дзяржавы.

Забяспечыць незалежнасць маладых дзяржаў ад Польшчы і Расіі, узмацніць абараназдольнасць і дапамагчы аднаўленню разбуранай падчас вайны эканомікі, на думку А. Луцкевіча, мог Балтыйска-­Чарнаморскага саюз незалежных дзяржаў Беларусі, Літвы, Латвіі і Украіны. З гэтай ідэяй беларуская дэлегацыя на чале з В. Ластоўскім выступіла ў 1916 г. на міжнародных канферэнцыях народаў Расіі ў Стакгольме і Лазане.

У 1917 г. група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху на чале з В. Ластоўскім выступіла за поўную дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах.

4. Беларускі нацыянальны рух у Петраградзе, Маскве і іншых гарадах Расіі

У пачатку Першай сусветнай вайны частка актывістаў беларускага нацыянальнага руху была мабілізаваная на фронт. У сувязі з наступленнем немцаў на Вільню ў жніўні 1915 г. выданне газеты «Наша Ніва» спынілася. Я. Купала, Я. Колас, А. Бурбіс, В. Іваноўскі і іншыя нацыянальныя дзеячы з хваляй бежанцаў з’ехалі на ўсход.

Паступова галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху сталі Петраград, Масква, Калуга і іншыя гарады, дзе бежанцы-­беларусы стваралі свае суполкі. Аднаўленне арганізаванага нацыянальнага руху пачалося са стварэння таварыстваў ахвяр вайны і камітэтаў уцекачоў. Апошнія ўтварыліся ў гарадах Расіі, дзе пражывала шмат беларусаў (Петраград, Масква і інш.). У Петраградзе стараннямі Д. Жылуновіча (Цішкі Гартнага) і Э. Будзькі ў лістападзе 1916 г. пачалося выданне дзвюх невялікіх штотыднёвых газет «Дзянніца» (кірыліца) і «Светач» (Śvietač) (лацінка), але ў пачатку 1917 г. іх выпуск спынілі з-за недахопу сродкаў.

Пытанні і заданні

1. Прааналізуйце праграмныя патрабаванні Беларускай сацыялістычнай грамады. Хто мог скласці сацыяльную базу гэтай партыі?

2. Якія гістарычныя падзеі аказвалі ўплыў на праграмныя патрабаванні БСГ?

3. Вызначце ролю газеты «Наша Ніва» ў развіцці беларускага нацыянальнага руху і беларускай літаратурнай мовы.

4. Ахарактарызуйце праекты афармлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў час Першай сусветнай вайны.

5. Ацаніце дзейнасць беларускіх нацыянальных арганізацый у Петраградзе, Маскве і іншых гарадах Расіі.