§ 2–3. Беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ ст.

1. Праграмныя патрабаванні Беларускай сацыялістычнай грамады̀

Пачатак ХХ ст. адзначаны ўздымам і беларускага нацыянальнага руху. У 1903 г. адбыўся з’езд Беларускай сацыялістычнай грамады́ (БСГ). Гэта была першая беларуская нацыянальная палітычная партыя. Арганізатары БСГ — ​браты І. і А. Луцкевічы, В. Іваноўскі, А. Пашкевіч (Цётка), А. Бурбіс і інш.

БСГ выступала за пераход усіх асноўных сродкаў вытворчасці, зямлі ў грамадскую ўласнасць, права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі без выкарыстання наёмнай працы, васьмігадзінны працоўны дзень, бясплатную медыцынскую дапамогу. У палітычнай сферы яна патрабавала раўнапраўя людзей, прамога, усеагульнага, роўнага выбарчага права з тайным галасаваннем, свабоды друку, слова, сходаў і г. д.