§ 2–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 60‑х — 90‑я гг. ХІХ ст.
5. Польскі і яўрэскі нацыянальны рух у Беларусі
У працоўным сацыял-дэмакратычным руху Беларусі ў канцы 1890‑х гг. выявілася імкненне яўрэйскіх, літоўскіх і польскіх сацыял-дэмакратаў стварыць рабочыя арганізацыі па нацыянальнай прыкмеце ў гарадах са шматнацыянальным насельніцтвам.
У верасні 1897 г. у Вільні адбыўся з’езд прадстаўнікоў яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый Вільні, Мінска, Віцебска, Беластока, Коўна, Варшавы, на якім было абвешчана пра стварэнне «Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Расіі і Польшчы» (Бунд). Яго кіраўніком стаў А. Крэмер. Неабходнасць утварэння Бунда была матываваная тым, што толькі нацыянальная арганізацыя яўрэйскіх рабочых магла лепш за ўсё абараніць іх інтарэсы. Першачарговымі задачамі з’яўляліся агітацыя і арганізацыя барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне іх эканамічнага становішча. Адразу пасля з’езду пачалася агітацыя за тое, каб арганізацыі рабочых, якія існавалі ў той час у Беларусі, уступалі ў Бунд і стваралі новыя. Так, Брэсцкая арганізацыя далучылася да бундаўцаў. Не пагадзіліся на ўступленне ў Бунд многія члены Мінскай яўрэйскай рабочай арганізацыі. Яны стварылі Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі (РППВР). Прадстаўнікі гэтай партыі наладзілі сувязі з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі Расіі, Украіны і былі прыхільнікамі тэрарыстычнай барацьбы з самадзяржаўем. У Гродзенскай арганізацыі адбыўся раскол. Большая частка раней аб’яднанай рабочай арганізацыі таксама рушыла ўслед за бундаўцамі. Астатнія выступілі супраць эканамізму і прапаганды Бунда і сфарміравалі асобную арганізацыю на чале з рабочым камітэтам. Апошнія, аднак, таксама нядоўга заставаліся на платформе інтэрнацыяналізму. Неўзабаве яны ўступілі ў Польскую сацыялістычную партыю (ПСП), якая адмовілася ўзаемадзейнічаць з расійскім пралетарыятам і яго партыяй, на першае месца яна ставіла стварэнне незалежнай Польскай Рэспублікі.
З ПСП у 1893 г. вылучылася інтэрнацыяналісцкае крыло, у 1900 г. яно зацвердзіла сваю назву — Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польшчы і Літвы (СДКПіЛ).