§ 2–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 60‑х — 90‑я гг. ХІХ ст.
4. Стварэнне сацыял-дэмакратычных арганізацый у Беларусі. Распаўсюджванне ідэй марксізму
У сярэдзіне 1880-х гг. ідэалогія народніцтва саступіла месца марксізму, прадстаўнікоў якога сталі называць сацыял-дэмакратамі. Яны лічылі, што ў нетрах капіталізму выспяваюць перадумовы для сацыялістычнай рэвалюцыі, а рабочы клас (пралетарыят) — галоўная сіла, здольная прывесці да знішчэння эксплуатацыі чалавека чалавекам і стварэння новага грамадства без класаў і эксплуатацыі.
Паступова ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму сацыял-дэмакраты перайшлі да масавай эканамічнай і палітычнай агітацыі сярод рабочых.
У канцы 1890-х гг. у рабочым і сацыял-дэмакратычным руху Беларусі з’явіліся свае спецыфічныя рысы: імкненне польскіх і яўрэйскіх сацыял-дэмакратаў ствараць рабочыя арганізацыі па нацыянальнай прыкмеце.
У канцы XIX ст. на тэрыторыі заходніх губерняў Расійскай імперыі дзейнічалі партыйныя ячэйкі польскай рабочай партыі «Пралетарыят», Польскай сацыялістычнай партыі, Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ).
У 1897 г. на з’ездзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый Вільні, Мінска, Віцебска, Беластока і Варшавы быў створаны Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі — Бунд (Саюз). Яго першачарговай задачай з’яўлялася арганізацыя барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне свайго эканамічнага становішча.
Рост стачачнага руху ў другой палове 1890-х гг., павелічэнне колькасці сацыял-дэмакратычных арганізацый выклікалі неабходнасць аб’яднання сацыял-дэмакратаў у адзіную партыю. Ініцыятарам гэтага аб’яднання выступіў створаны ў 1895 г. У. І. Леніным пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа».
1–3 сакавіка 1898 г. у Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі (РСДРП), на якім быў прыняты «Маніфест» і абраны Цэнтральны камітэт.
На II з’ездзе РСДРП, які праходзіў у 1903 г. у Бруселі і Лондане, разгарнулася барацьба паміж прыхільнікамі газеты «Іскра», што стаялі на пазіцыях рэвалюцыйнага марксізму, і «эканамістамі», якія заклікалі весці барацьбу толькі за паляпшэнне эканамічнага становішча і павышэнне культурнага ўзроўню рабочага класа. Перамогу атрымалі іскраўцы на чале з У. І. Леніным. З’езд прыняў праграму партыі, у якой канчатковай мэтай абвяшчалася ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту і пабудова сацыялізму, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі. Барацьба на з’ездзе завяршылася расколам РСДРП на дзве фракцыі: бальшавікоў і меншавікоў.
У 1901–1902 гг. на базе народніцкіх арганізацый, якія існавалі раней, была створана партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). З’яўляючыся паслядоўнікам ідэалогіі народніцтва, партыя была вядомая як адна з самых актыўных удзельніц рэвалюцыйнага тэрору.