§ 2–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 60‑х — ​90‑я гг. ХІХ ст.

3. Выхадцы з Беларусі ў народніцкіх арганізацыях

Народніцкіх рух распаўсюдзіўся і ў Беларусі. Гурткі народнікаў былі створаны яшчэ ў першай палове 1870‑х гг. у Магілёве, Горы-­Горках, Мінску, Гродне, Пінску, Слуцку, Віцебску. Іх арганізатарамі з’яўляліся сталічныя студэнты, выхадцы з Беларусі. Вядомымі іх прадстаўнікамі былі ўраджэнцы беларускіх губерняў М. Судзілоўскі, С. Кавалік, А. Бонч-­Асмалоўскі, І. Грынявіцкі, Е. Брэшка-­Брэшкоўская і інш. У гэтых гуртках вывучалася нелегальная літаратура. Народніцкія гурткі падтрымлівалі цесныя сувязі з рэвалюцыйнай інтэлігенцыяй Пецярбурга, Масквы, Кіева.

У Беларусі таксама прадпрымаліся спробы «хаджэння ў народ». Так, члены Магілёўскага гуртка вывучалі рамёствы, апрануўшыся па-сялянску, і вялі прапаганду сацыялістычных ідэй сярод сялянства. Найбольш актыўным прапагандыстам быў гімназіст М. Забела. Аднак гэта не выклікала сялянскіх выступленняў. Сяляне не ўспрымалі сацыялістычную накіраванасць прапаганды народнікаў.

З узнікненнем у Пецярбургу арганізацыі «Зямля і воля» народніцкі рух у Беларусі развіваўся пад яе ўплывам. Цэнтрам народніцкага руху стаў Мінск. Аднак ён не атрымаў у Беларусі шырокага развіцця. Тут не было вышэйшых навучальных устаноў, і таму фарміраванне разначыннай інтэлігенцыі запавольвалася. Члены народніцкіх гурткоў вялі прапаганду сярод інтэлігенцыі, навучэнцаў, рабочых і працягвалі прапаганду сярод сялян з мэтай падняць іх на паўстанне.

У першай палове 1880‑х гг. у Беларусі дзейнічалі гурткі як чарнаперадзельнага, так і нарадавольнага кірунку. З дапамогай прадстаўнікоў Выканаўчага камітэта «Народнай волі» ў 1882 г. была створана Паўночна-­Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’ядноўвала народніцкія групы Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў.

У гэты ж час у Пецярбургу таксама была створаная Беларуская нарадавольская арганізацыя, ядро якой складалі студэнты-­ўраджэнцы Беларусі. Аднак аб’яднаць сваю дзейнасць з беларускімі нарадавольчымі суполкамі яна не змагла.

Зараджэнне ўласна беларускага палітычнага руху звязана з народніцкай групай «Гоман», якая выдала ў 1884 г. два нелегальныя нумары аднайменнага часопіса. Менавіта народнікі з групы «Гоман» упершыню заявілі аб беларусах як аб самастойнай нацыі, якая мае права на самавызначэнне. Члены групы, студэнты Пецярбургскага ўніверсітэта А. Марчанка, Х. Ратнер, у 1881–1884 гг. разам з іншымі студэнтамі з Беларусі — ​В. Крупскім, М. Стацкевічам, С. Несцюшка-­Буйніцкім і інш. — ​лічылі сябе прадстаўнікамі расійскай арганізацыі «Народная воля».

Аднак нарадавольцы не змаглі аб’яднаць усе народніцкія гурткі. Народніцтва пачынае перажываць крызіс. У 1880‑я гг. пануючым кірункам у народніцтве стаў ліберальны. Частка народнікаў перайшла на пазіцыі марксізму.