§ 2–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 60‑х — 90‑я гг. ХІХ ст.
2. Народніцкія арганізацыі ў першай палове 1880‑х гг.
У 1876 г. у Пецярбургу з’явілася агульнарасійская народніцкая арганізацыя «Зямля і воля». Асноўнымі патрабаваннямі ў яе праграме былі пазначаны пераход усёй зямлі ў рукі сялян і яе ўраўняльнае размеркаванне, увядзенне поўнага абшчыннага самакіравання, прадастаўленне нацыям права на самавызначэнне і ўтварэнне федэратыўнага саюза абшчын.
Аднак ні «хаджэнне ў народ», ні гучныя замахі на прадстаўнікоў улады не прынеслі поспеху. Сяляне заставаліся глухія да народніцкай прапаганды. Пачаліся спрэчкі адносна метадаў барацьбы. У жніўні 1879 г. на Пецярбургскім з’ездзе было прынята рашэнне аб падзеле «Зямлі і волі» на дзве арганізацыі: «Чорны перадзел» і «Народную волю».
Прыхільнікі «Чорнага перадзелу» імкнуліся падштурхнуць урад да правядзення ўраўняльнага («чорнага») перадзелу зямлі, памяншалі значэнне палітычнай барацьбы і адмаўлялі індывідуальны тэрор. У галіне тактыкі яны выступалі за шырокую агітацыю і прапаганду ў масах. Члены «Народнай волі» сваёй галоўнай задачай лічылі палітычны пераварот і захоп улады. У барацьбе з самадзяржаўем яны выкарыстоўвалі тактыку індывідуальнага тэрору, разлічваючы тым самым прымусіць урад да правядзення дэмакратычных рэформ.
1 сакавіка 1881 г. група нарадавольцаў, у іх ліку і ўраджэнец Беларусі І. Грынявіцкі, здзейсніла замах на цара Аляксандра II, у выніку якога манарх быў смяротна паранены, а сам І. Грынявіцкі загінуў ад разрыву бомбы. Аднак забойства Аляксандра II не стала сігналам да народнага паўстання. Новы цар Аляксандр III пачаў праводзіць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да рэвалюцыянераў-тэрарыстаў. Усе арганізатары і ўдзельнікі тэрарыстычнага акту былі павешаныя па прысудзе суда. У 1882 г. арганізацыя «Чорны перадзел» распалася, яе кіраўнікі былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. Г. Пляханаў і яго паплечнікі адмовіліся ад народніцкіх поглядаў.