*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення
Цытата
Цытаты спалучаюць чужое маўленне і аўтарскую пазіцыю, узбагачаючы змест і структуру аўтарскага тэксту. У іх заключаецца інфармацыя, неабходная для пацверджання аўтарскай думкі, раскрыцця вобразаў персанажаў літаратурных твораў. Калі цытата падаецца толькі часткова, то замест пропуску часткі тэксту ставіцца шматкроп’е (у пачатку, у сярэдзіне, у канцы цытаты): Гаворачы пра спадчыну як пра родную зямлю, Янка Купала пісаў: «...Паміж сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай». Вершаваныя цытаты ў двукоссе не бяруцца: У вершы «Слуцкія ткачыхі» Максім Багдановіч расказвае пра нялёгкую долю прыгонных ткачых: Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Аднак калі вершаваная цытата пачынаецца на тым жа радку, што і словы аўтара, то яна выдзяляецца двукоссем: Пра любоў да малой радзімы Пімен Панчанка пісаў: «І заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія ўсміхаліся мне і дамоў мяне клікалі сінія касачы».