§ 16. Краіны Захаду ў міжваенны перыяд

3. Вялікая дэпрэсія

Перыяд эканамічнай стабілізацыі ў Еўропе і ЗША скончыўся 24 кастрычніка 1929 г. У гэты дзень адбыўся крах на Нью-Ёркскай біржы — абвальнае падзенне курсу каштоўных папер. Пачаўся доўгі сусветны эканамічны крызіс 1929—1933 гг., які не меў сабе роўных ні па працягласці, ні па глыбіні. Адсюль яго назва — Вялікая дэпрэсія. Паколькі сусветная фінансавая сістэма ўсё больш прывязвалася да долара, яна трапляла ў залежнасць ад эканамічнай стабільнасці ў ЗША. Германія, напрыклад, не ў стане была ажыццяўляць рэпарацыйныя выплаты без міжнародных крэдытаў, галоўным чынам з боку ЗША. Між тым амерыканскія банкі спынілі прадастаўленне пазык і запатрабавалі выплаты замежных запазычанасцей.

Асноўнымі прычынамі крызісу сталі эканамічны бум 1920-х гг. і індустрыяльная перавытворчасць. У выніку з’явілася шмат фінансавых пірамід і спекулятыўных фірм. Асабліва папулярнымі сталі так званыя маржавыя пазыкі — можна было купіць акцыі ў крэдыт, заплаціўшы толькі 10 % ад іх кошту, але брокер мог запатрабаваць выплаты ўсяго кошту акцый на працягу 24 гадзін, што і адбылося, як па камандзе, 24 кастрычніка 1929 г. А ў пятніцу 25 кастрычніка 1929 г. здарылася абвальнае падзенне курсу каштоўных папер на Нью-Ёркскай фондавай біржы, паколькі ўсе прадавалі акцыі, не маючы магчымасці заплаціць іх поўны кошт. Пачалося масавае банкруцтва банкаў і прадпрыемстваў. Гэта дазволіла міжнародным банкірам скупіць канкурыруючыя банкі і буйныя амерыканскія кампаніі. Ад самага пачатку ўвесь цяжар эканамічнага крызісу адчулі малазабяспячаныя людзі. Толькі ў Нью-Ёрку ў студзені 1933 г. памерла ад голаду 2 тыс. чалавек.

Колькасць вырабленых тавараў на рынку пераўзыходзіла пакупніцкую здольнасць насельніцтва. У выніку складскія запасы вырабленых тавараў павялічваліся, як і запасы вугалю і нафты. Для абмежавання падзення цэн сталі знішчаць прадукты харчавання, у той час як насельніцтва пакутавала ад голаду. Напрыклад, у Бразіліі каву спальвалі ў якасці паліва для цягнікоў.

Найбольшы спад вытворчасці (больш чым на 50 %) назіраўся ў ЗША і Германіі. Адклікаць крэдыты з Германіі Злучаныя Штаты пачалі ўжо ў 1928 г., а ў 1929 г. было прынята рашэнне ўвогуле спыніць крэдытаванне. Але калі А. Гітлер у адказ адмовіўся плаціць рэпарацыі, ні Англія, ні Францыя не прад’явілі яму прэтэнзій. У маі — чэрвені 1933 г. і ЗША, і Вялікабрытанія аднавілі крэдытаванне Германіі. Такім чынам ажыццяўлялася фінансаванне нацысцкай партыі і асабіста А. Гітлера. Да 1933 г. пад кантролем амерыканскага фінансавага капіталу апынуліся ключавыя  галіны германскай прамысловасці і буйныя банкі.

У Вялікабрытаніі спад вытворчасці склаў 25 %. На Францыю крызіс абрынуўся крыху пазней і працягваўся да 1936 г. У выніку ў краіне аб’ём прамысловай вытворчасці скараціўся на 44 %. У Італіі прамысловая вытворчасць знізілася на 30 %. Масавы голад, беспрацоўе, галеча і самазабойствы страціўшых надзею людзей сталі тыповымі праявамі крызісу.

Маштабы беспрацоўя перавысілі ўсе магчымыя межы (толькі ў ЗША ў 1933 г. было каля 13 млн беспрацоўных), узровень жыцця катастрафічна зніжаўся, і многія ўрады небеспадстаўна баяліся магутнага сацыяльнага выбуху. У некалі квітнеючых заходніх гарадах людзі спалі ў парках на лавах і выстройваліся ў чэргі, каб атрымаць абед у дабрачынных кухнях. Многія дзялкі бізнесу страцілі багацце і апынуліся ў поўнай галечы.

Па меры развіцця Вялікай дэпрэсіі многія людзі страцілі веру ў здольнасць дэмакратычных урадаў вырашаць іх праблемы. Галеча і безнадзейнасць стварылі ўрадлівую глебу для палітычных дзеячаў, якія прапаноўвалі радыкальныя рашэнні. Камуністы прадказвалі блізкі крах капіталізму. Нацыяналістычна настроеныя экстрэмісты гаварылі пра крызіс дэмакратыі і расхвальвалі перавагі аўтарытарнага праўлення.

І тым не менш заходнія дэмакратыі, упершыню стаўшы на шлях дзяржаўнага рэгулявання эканамічнага і сацыяльнага жыцця, выйшлі з крызісу і пры гэтым захавалі асноўныя каштоўнасці і дэмакратычныя заваёвы папярэдніх гадоў, змаглі спыніць распаўсюджванне фашызму ва ўласных краінах. Канцэпцыі і інстытуты дзяржаўнага рэгулявання, якія склаліся ў той час, праіснавалі да 1970-х гг.