§ 16. Краіны Захаду ў міжваенны перыяд
2. Сацыяльныя і палітычныя перамены
У пасляваенныя гады заўважныя змены адбыліся ў структуры заходняга грамадства. Прадстаўнікі арыстакратычных колаў сталі адыгрываць меншую ролю ў арміі, дыпламатычным корпусе, банкаўскай справе і іншых элітных сектарах. На кіруючыя пасады вылучаліся інжынеры, бізнесмены, юрысты і прадстаўнікі іншых прафесійных груп. Значна ўзрасла колькасць сярэдняга класа і ў нашмат меншай ступені — рабочага.
Хуткія перамены адбываліся ў ладзе жыцця і становішчы жанчын. Маладыя дзяўчаты з багатых сем’яў мелі больш асабістай свабоды, чым іх маці да вайны. Яны кіравалі аўтамабілем, займаліся спортам, самастойна падарожнічалі і публічна курылі. Вызваліўшыся ад гарсэтаў і доўгіх сукенак даваеннага фасону, жанчыны сталі насіць кароткія спадніцы і прычоскі і, на вялікае здзіўленне старэйшага пакалення, замест вальса танцавалі пад джазавую музыку.
Аднак большасці жанчын вайна і рэвалюцыі прынеслі толькі пакуты. Многія страцілі сваіх бацькоў і братоў, мужоў і сыноў, апынуліся ў адзіноце і галечы.
У многіх краінах пасля вайны ўзмацніўся рух за прадастаўленне жанчынам выбарчага права. Яны атрымалі яго ўпершыню ў Расіі (1917), Англіі (1918), Германіі (1919), ЗША (1920). У Турцыі жанчыны сталі карыстацца выбарчым правам з 1934 г. У большасці іншых краін гэтае права было прадастаўлена ім толькі пасля 1945 г.
У найбольш выгадным становішчы ў параўнанні са сваімі еўрапейскімі саюзнікамі пасля вайны знаходзіліся ЗША. Гэтая краіна пазней за іншыя ўступіла ў Першую сусветную вайну. Яна панесла адносна невялікія людскія страты і зусім нязначныя матэрыяльныя. Краіна была сусветным лідарам у індустрыяльнай і сельскагаспадарчай вытворчасці і дапамагала фінансаваць аднаўленне еўрапейскай эканомікі. Значнае пашырэнне вытворчасці тавараў масавага ўжытку садзейнічала паляпшэнню жыцця і побыту насельніцтва і, такім чынам, унутранай стабільнасці.
У 1920-я гг. пачалася эпоха масавага спажывання ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе. Нават работнікі офісаў і рабочыя маглі дазволіць сабе набыццё прамысловых тавараў. Прычынай таму была тэхналагічная рэвалюцыя, падобная да прамысловай рэвалюцыі альбо хвалі інавацый канца XIX ст. Канвеерная вытворчасць Г. Форда і навуковая арганізацыя працы Ф. Тэйлара зрабілі магчымай масавую вытворчасць аўтамабіляў і рознай бытавой тэхнікі ў вялікай колькасці і па нізкіх цэнах. У 1929 г. у ЗША адзін аўтамабіль прыпадаў на кожныя пяць чалавек. У Заходняй Еўропе іх мелі толькі бізнесмены і кваліфікаваныя спецыялісты. Для еўрапейскіх рабочых аўтамабілі заставаліся раскошай да 1950-х гг. Следам за электрычнасцю ў дамах з’явіліся разнастайныя электрабытавыя прыборы. Кароткі перыяд эканамічнага ўздыму ў ЗША ў 1920-я гг. атрымаў назву «эры прасперыці» — росквіту.
Менш бурна развівалася ў 1920-я гг. эканоміка Вялікабрытаніі. Краіна сутыкнулася з цэлым шэрагам унутраных і знешнепалітычных праблем. Усё большую трывогу выклікалі антыкаланіяльныя выступленні ў Індыі. Правалам скончылася спроба Англіі з дапамогай ваеннай сілы падпарадкаваць Афганістан (1919). Акрамя таго, Англіі давялося пайсці на саступкі ірландскаму нацыянальнаму руху і прадаставіць у 1921 г. Ірландыі права дамініёна, захаваўшы за сабой Ольстэр — паўночна-ўсходнюю частку вострава.
У студзені 1924 г. быў сфарміраваны першы ў гісторыі краіны лейбарысцкі ўрад, на які рабочыя ўскладалі вялікія надзеі. Аднак спробы лейбарыстаў прыняць некаторыя меры ў сферы сацыяльнага забеспячэння не былі падтрыманыя парламентам, які знаходзіўся ў руках кансерватараў. Ужо ўвосень 1924 г. кансерватыўная партыя зноў узначаліла ўрад. У адказ на масавую забастоўку, пачатую шахцёрамі (1926), кансерватары правялі праз парламент закон, які абмяжоўваў правы прафсаюзаў, у прыватнасці, права на масавыя стачкі, што выклікала шырокі пратэст у краіне. У выніку на парламенцкіх выбарах 1929 г. упершыню перамаглі лейбарысты, якія і сфарміравалі ўрад. Так лейбарысцкая партыя замацавалася ў палітычным жыцці Англіі і з таго часу стала адной з дзвюх асноўных палітычных сіл.
Падобна да Вялікабрытаніі Францыя выйшла з Першай сусветнай вайны пераможцай. Аднак вайна выклікала такія вялізныя страты, што многія французы адчувалі сябе пераможанымі. Праўда, французская эканоміка аднаўлялася адносна хутка, у многім дзякуючы германскім рэпарацыям і тэрыторыям, адарваным ад Германіі.
У адрозненне ад Вялікабрытаніі для Францыі было характэрна мноства розных партый і груповак, таму ў барацьбе за ўладу яны часта ўтваралі тыя ці іншыя блокі. У 1920-я гг. адзін аднаму супрацьстаялі даволі моцны блок левых сіл і так званы Нацыянальны блок, які складаўся з правых буржуазных партый. Пасля перамогі на выбарах у палату дэпутатаў у маі 1924 г. узнік урад Левага блока. Аднак ажыццявіць праграму прагрэсіўных рэформ яму не ўдалося, чым і скарысталіся партыі Нацыянальнага блока, якія ў выніку выбараў 1926 г. вярнуліся да ўлады. Новы блок правых атрымаў назву «Нацыянальнае яднанне». Але пра сапраўднае яднанне не было і гаворкі. Як левыя, так і правыя сілы працягвалі бескампрамісную барацьбу за ўладу. Камуністы знаходзіліся ўбаку ад блокавай палітыкі. У адпаведнасці з дырэктывамі Камінтэрна яны імкнуліся да аднаасобнай улады і таму прайгравалі на выбарах.