§ 45. Агульныя спосабы атрымання металаў
Гідраметалургічныя метады
Гідраметалургія — гэта атрыманне металаў з руд, канцэнтратаў і адходаў вытворчасці з дапамогай водных раствораў пэўных рэчываў (хімічных рэагентаў).
Спачатку металы пераводзяць у растваральныя злучэнні. Потым іх аднаўляюць, выкарыстоўваючы або хімічныя рэакцыі з моцнымі адноўнікамі, або працэсы выцяснення металаў з раствораў іх солей больш актыўнымі металамі, або электрахімічнае аднаўленне з раствораў.
Напрыклад, гідраметалургічным метадам атрымліваюць медзь з раствораў яе солей з дапамогай жалеза:
Серабро і золата аднаўляюць з раствораў солей гэтых металаў цынкам. Пакрыцці з нікелю і цынку атрымліваюць электролізам раствораў іх солей.
Працэсы здабывання золата з абедненых руд можна апісаць наступнымі ўраўненнямі рэакцый:
4Au + 8KCN + O2 + 2H2O = 4K[Au(CN)2] + 4KOH;
2K[Au(CN)2] + Zn = K2[Zn(CN)4] + 2Au.
Прадпрыемства «Унікаштмет БДУ» перапрацоўвае розны лом i адходы, якiя ўтрымліваюць каштоўныя металы (мал. 108.1), вылучаючы растварэннем іх у сумесі з 1 аб’ёму азотнай і 3 аб’ёмаў сернай канцэнтраваных кіслот. Такую сумесь называюць «царскай гарэлкай». Растварэнне золата можна апісаць ураўненнем рэакцыі
Au + HNO3 + 3HCl = AuCl3 + NO↑ + 2H2O↑.
За 2000–2020 гады ў Дзяржфонд Рэспублікі Беларусь прадпрыемствам пастаўлена больш за 72 тоны золата, серабра, плаціны і іншых каштоўных металаў.