§ 43. Металы. Агульная характарыстыка
Асаблівасці электроннай будовы атамаў металаў
У атамаў металаў лік электронаў на знешнім слоі ў асноўным складае ад 1 да 3. Выключэннем з’яўляюцца ўсяго некалькі металаў: Ge, Sn, Pb (4 электроны); Sb, Bi (5 электронаў); Po (6 электронаў). У перыядзе ў атамаў металаў большы радыус, чым у неметалаў, паколькі сілы кулонаўскага ўзаемадзеяння электронаў з ядром невялікія.
Нагадаем, што па структуры крышталёў і электрафізічных уласцівасцях германій і адна з алатропных мадыфікацый волава з’яўляюцца паўправаднікамі.
Электронныя канфігурацыі знешняй электроннай абалонкі атамаў s-элементаў 2-га і 3-га перыядаў, а таксама p-элемента 3-га перыяду Al прыведзены ў раздзеле II, табліцы 6 і Дадатку 1. Атамы элементаў IА- і IIА-груп 2–7-га перыядаў маюць электронную канфігурацыю ns1 і ns2 адпаведна. Металы — гэта і p-элементы IIIА–VIА-груп 3–7-га перыядаў (Al, Ga, In, Tl, Sn, Pb, Sb, Bi, Po); іх электронныя канфігурацыі ns2np1, ns2np2, ns2np3, ns2np4.
У перыядычнай сістэме ў кожным перыядзе, пачынаючы з 4-га і да 7-га, маецца па 10 d-элементаў, у атамаў якіх з ростам парадкавага нумара паслядоўна запаўняюцца пяць d-арбіталей.
Звернем увагу, што энергія 3d-падузроўню вышэйшая, чым 4s-падузроўню. Таму d-электроны могуць прымаць удзел ва ўтварэнні хімічных сувязей, гэта значыць атамы d-элементаў маюць большы лік валентных электронаў у параўнанні з атамамі s- і p-элементаў, якія адносяцца да металаў.
Знаёмыя вам прыклады d-элементаў — Fe (элемент VIIIB-групы 4-га перыяду, формула электроннай канфігурацыі 1s22s22p63s23p63d64s2), а таксама Cu (элемент IB-групы 4-га перыяду, формула электроннай канфігурацыі 1s22s22p63s23p63d104s1).
Пачынаючы з 6-га перыяду ў перыядычнай сістэме з’яўляюцца f-элементы, якія аб’яднаны ў сямействы па 14 элементаў (за кошт падобных хімічных уласцівасцей) і носяць асобыя назвы лантаноідаў і актыноідаў.
Пры ўтварэнні металічнай сувязі атамы металаў лёгка абагульняюць свае валентныя электроны. Электроны належаць не асобным атамам, а з’яўляюцца агульнымі для ўсіх атамаў і свабодна перамяшчаюцца па ўсім крышталі (гл. раздз. 3, мал. 26). Металічная сувязь уласціва металам у вадкім і цвёрдым агрэгатным станах.