§ 40. Найважнейшыя мінеральныя ўгнаенні

Фосфарныя ўгнаенні

Пры недахопе фосфару лісце становіцца цёмным, з сіне-фіялетавым адценнем, запавольваецца цвіценне і развіццё пладоў. Расліны могуць засвойваць пажыўныя элементы толькі ў растваральнай форме. Менавіта таму прыродныя мінералы, якія ўтрымліваюць фасфат кальцыю, перапрацоўваюць у больш растваральную кіслую соль — дыгідрафасфат кальцыю. Ён з’яўляецца асновай простага і двайнога суперфасфатаў.

Тым не менш і сярэдняя соль — фасфат кальцыю ў саставе фасфарытнай мукі ўсё ж знаходзіць прымяненне ў якасці ўгнаення. Яе ўносяць на кіслых глебах, або «пад зіму», або ранняй вясной да пасеву. Фасфарытная мука не гіграскапічная, не злежваецца, добра ўтрымліваецца ў глебе, і таму яе можна ўносіць раз на некалькі гадоў. Прывабным бокам з’яўляецца таксама адносна невысокі кошт, бо ў вытворчасці не выкарыстоўваюцца хімічныя ператварэнні. Здабыты ў кар’ерах мінерал толькі ўзбагачаюць (выдаляюць частку прымесей) і тонка здрабняюць.

Да найважнейшых фосфарных угнаенняў адносяцца: фасфарытная мука — асноўны кампанент Ca3(PO4)2, двайны суперфасфат Ca(H2PO4)2 · H2O, просты суперфасфат Ca(H2PO4)2 + 2CaSO4 · H2O, прэцыпітат CaHPO4 ∙ 2H2O.

Комплексныя ўгнаенні, якія ўтрымліваюць фосфар, — гэта амафос — сумесь дзвюх солей NH4H2PO4 і (NH4)2HPO4, якая змяшчае азот і фосфар; амафоска — сумесь амафосу з хларыдам калію — NH4H2PO4, (NH4)2HPO4, KCl, якая ўтрымлівае азот, фосфар і калій.

Фосфарныя ўгнаенні ў Рэспубліцы Беларусь вырабляе ААТ «Гомельскі хімічны завод» на аснове імпартаваных фасфатаў.