§ 1. Уводзіны
3–1. Гістарычныя веды
Свае задачы гістарычная навука вырашае праз розныя формы гістарычных ведаў.
Галоўная задача гістарычнай навукі — атрыманне навуковых ведаў пра мінулае, яго рэканструкцыя, адлюстраваная ў працах вучоных (кнігах, артыкулах, матэрыялах канферэнцэй і г. д.). Аднак такая рэканструкцыя не з'яўляецца дакладным узнаўленнем падзей, якія адбываліся, бо будуецца на гістарычных крыніцах, што захаваліся. Пры гэтым крыніц можа мецца мала, яны могуць быць супярэчлівымі, неаб'ектыўнымі, незразумелымі. У выніку нават на аснове адных і тых жа дадзеных у розных навукоўцаў могуць атрымацца адрозныя гістарычныя рэканструкцыі.
У залежнасці ад поглядаў чалавека, яго сістэмы каштоўнасцяў адзін і той жа факт можа атрымаць рознае тлумачэнне і набыць неаднолькавае значэнне. Ні адна з існуючых тэорый не можа даць універсальнай і адзіна правільнай інтэрпрэтацыі падзей і фактаў гісторыі.
Для правядзення аб’ектыўнага аналізу гістарычнага мінулага навукоўцамі былі выпрацаваны прынцыпы гістарычнага даследавання:
- прынцып аб'ектыўнасці — гісторык у працэсе даследавання павінен імкнуцца да аб'ектыўнасці ў пазнанні; кожная з'ява павінна разглядацца ў яе шматграннасці і супярэчлівасці, з улікам як станоўчых, так і адмоўных бакоў;
- прынцып гістарызму — усялякі прадмет гістарычнага даследавання (гістарычныя факты, з'явы і падзеі) павінен разглядацца ў развіцці;
- прынцып усебаковасці — маецца на ўвазе неабходнасць не толькі выкарыстоўваць поўную і дакладную інфармацыі, але і ўсебакова вывучэнне прадмета даследавання;
- прынцып апоры на гістарычныя крыніцы — інфармацыю аб гістарычным працэсе даследчык павінен здабываць з гістарычных крыніц.
Магчыма, камусьці з вас прыйдзецца займацца гістарычнымі даследаваннямі і прадстаўляць іх вынікі для навуковай грамадскасці на канферэнцыях, публікаваць артыкулы ў навуковых часопісах. Не забывайце пра тое, што здабытыя веды павінны быць сапраўднымі і аб'ектыўнымі, а значыць, даказаным з дапамогай гістарычных крыніц.